«Два апошнія чэмпіянаты прымалі Расея, якая ўжо тады спрабавала развязаць вайну, і Катар»

Беларусы ўсё ж змогуць глядзець чэмпіянат свету ў Катары. Пра гэта заявіла Беларуская федэрацыя футболу. Нібыта ўдалося дамовіцца з ФІФА, каб заўзятары маглі глядзець трансляцыі на яе сайце. Раней паведамлялася, што «Белтэлерадыёкампанія» паказаць чэмпіянат свету не зможа праз санкцыі. Ці няма ў дзеяннях ФІФА парушэння санкцыйнай палітыкі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тут трэба зрабіць паўзу і разабрацца. Калі ФІФА нейкім чынам акцэптавала магчымасць трансляцыі для Беларусі, то гэта парушэнне санкцыйнай палітыкі, і мы ў такім разе адназначна адрэагуем у межах міжнароднага права, у межах нашых прэтэнзіяў на гэты конт», – распавёў Міхаіл Залеўскі, прадстаўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці.

Беларускія заўзятары атрымалі магчымасць легальна глядзець чэмпіянат. Аднак апытанне ў сацсетках «Белсату» паказала неспадзяваныя вынікі: амаль 70 адсоткаў асобаў не плануюць гэтага рабіць.

«Людзі цяпер працуюць. Працуюць да вечару. А далей – ці выстачае ім сілаў глядзець футбол? Таму няма такога адчування, што свет жыве чэмпіянатам», – кажа спартовы журналіст і аўтар каналу «Честнок» Яраслаў Пісарэнка.

Але найбольш спрэчны момант – рэпутацыя краінаў, якім Міжнародная федэрацыя футболу апошнім часам давярае правядзенне мундыялю.

«Я не хачу сыпаць абвінавачаннямі ў карупцыі ў бок ФІФА, але два апошнія чэмпіянаты прымалі Расея, якая ўжо тады спрабавала развязаць вайну, і Катар», – кажа Яраслаў Пісарэнка.

Катар перамог у галасаванні за краіну-гаспадыню чэмпіянату, нягледзячы на сістэматычныя і маштабныя парушэнні правоў чалавека. Гэта змусіла праваахоўныя органы зацікавіцца тым, што адбываецца ў ФІФА. Пачаліся расследаванні ў справах пра карупцыю ў арганізацыі. Масава парушаюцца правы чалавека і ў Беларусі. Спартоўцы зазнаюць палітычны ціск, як адзначаецца ў дакладзе Беларускага фонду спартовай салідарнасці. Таму яго прадстаўнікі яшчэ з 2020-га года дамагаюцца ад ФІФА санкцыяў супраць афіцыйнага Менску.

«Калі казаць пра пажаданую рэакцыю ФІФА, то гэта мае быць безумоўнае адхіленне нацыянальнай зборнай Беларусі ад усіх турніраў», – кажа Міхаіл Залеўскі.

У святле апошніх карупцыйных скандалаў з удзелам ФІФА застаецца пытаннем, ці праявіць арганізацыя прынцыповасць да афіцыйнага Менску.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама