Саміт ЕЗ: як замяніць расейскі газ і не пасварыцца?


Перастаць карміць Расею, але пракарміць сябе. На саміце ЕЗ дваццаць восем краінаў абмяркоўвалі прапановы Еўракамісіі наконт зніжэння цаны на газ. І кожная мае свой інтарэс.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта, хутчэй за ўсё, будзе складана – але вельмі важна даць магутны сігнал, што мы настроеныя дзеяць разам», – лічыць старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Самае складанае пытанне – цэны на газ. Каля паловы краінаў падтрымала абмежаванне цаны для газу, што закупляюць еўрапейскія кампаніі на сусветным рынку. Гэта было б хуткім развязкам. Але другая палова, у прыватнасці, Нямеччына, выступіла супраць. Ёсць асцярогі парушэння паставак: імпарцёрам стане нявыгадна прадаваць блакітнае паліва.

«Ніхто не хоча застацца без газу. Гэта прыдатнае абмеркаванне, каб высветліць, як мы можам знізіць цэны і забяспечыць дастатковы запас для ўсіх нас у Еўропе», – кажа канцлер Нямеччыны Олаф Шольц.

Кампраміс шукаюць. Асноўныя прапановы ў стрымліванні цэнаў – гэта абавязковае супольнае запаўненне сховішчаў прынамсі на 15 адсоткаў за найменшую магчымую плату.

Часовы цэнавы калідор на прыродны газ.

Часовае зніжэнне цэнаў на газ пры вытворчасці электраэнергіі.

«У аснове прапановаў, зробленых Еўрапейскай Радай, так званыя механізмы столі цэнаў на газ. Паколькі гэты прынцып ужо быў паспяхова зрэалізаваны ў Іспаніі і Партугаліі, ён мае быць зрэалізаваны і для іншых краінаў», – распавядае прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Ідзецца пра схему дзяржаўнай дапамогі, што ўвялі на Пірэнэйскім паўвостраве. Тут спажыўцы плацяць фіксаваную цану за электраэнергію, вырабленую з выкарыстаннем прыроднага газу. Розніцу энергетычным кампаніям кампенсуе дзяржава.

Але Іспанія і Партугалія не залежаць ад расейскага газу гэтак, як іншыя чальцы Еўразвязу. Тыя стаяць перад небяспекаю, бо Расея пагражала спыніць пастаўкі, калі ўвядуць абмежаванне цэнаў.

«А хто ў нас больш за ўсё залежыць? Гэта перадусім Цэнтральная Еўропа. Вельмі залежыць Вугоршчына ад расейскага газу, дзесьці на 70-80 адсоткаў. Такая прыблізна сітуацыя ў Славаччыне і Чэхіі, таксама сур’ёзная залежнасць. Крыху меншая залежнасць у Нямеччыне, але яна з кожным месяцам змяншаецца», – ацэньвае дырэктар энергетычных праграмаў Цэнтру Разумкова Уладзімір Амельчанка.

Праз такую моцную залежнасць Вугоршчына стала выключэннем, дамаглася дамоўленасці, што яе абмежаванні цэнаў на газ датычыць не будуць.

Што ж да іншых краінаў у гэткай сітуацыі – яшчэ адзін вызначальны момант, што абмяркоўвалі на саміце, – энергетычная салідарнасць. Напрыклад, краіны Паўночнай, Паўднёвай і Заходняй Еўропы, у якіх бывае прафіцыт газу, маглі б дзяліцца газам з іншымі як унутры Еўразвязу, так і з заходнімі Балканамі, Украінаю і Малдоваю.

«Гэтая дарожная карта, над якой трэба папрацаваць, а затым зрэалізаваць, – супольны крок наперад. Гэта правілы супольнага выкарыстання газу, то бок пагадненні наконт салідарнасці», – выказалася старшыня Ещракамисии Урсула фон дэр Ляен.

Яшчэ адна дзяржава, што з сумневам ставіцца да стрымлівання цэнаў на газ, – Нідэрланды, але на саміце прэмʼер-міністр краіны Марк Рутэ памякчэў:

«Мы нават выступаем ЗА абмежаванне цэнаў на расейскі трубаправодны газ, мы не супраць і іншых формаў абмежавання цэнаў, але мы мусім пераканацца, што яны працуюць».

Уладзімір Амельчанка таксама не мае пэўнасці, ці падзеюць абмежаванні цэнаў, ці будуць іх прытрымлівацца і ці не пойдуць імпарцёры газу з еўрапейскага рынку:

«Найбольш эфектыўны метад цэнавай стабілізацыі – гэта менавіта памяншэнне залежнасці ад расейскага газу. За кошт будаўніцтва LNG-тэрміналаў, за кошт пашырэння гандлю з ЗША, з Катарам, з Абʼяднанымі Арабскімі Эміратамі, Нарвегіяй, Алжырам».

На саміце таксама абмяркоўвалі спрошчаныя ўмовы для ўкаранення аднаўляльных крыніцаў энергіі, ашчаджэнне энергіі. Еўразвяз за восем месяцаў ужо змог на дзве траціны знізіць залежнасць ад расейскага газу.

Яна Шэк, «Белсат»