Крэмль шантажуе патопам


Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу ў сувязі з абстрэлам пераправы ў Херсоне. Як сцвярджаюць расейскія ўлады, у выніку артылерыйскага абстрэлу, праведзенага ўкраінскім войскам, загінулі чацвёра. Акупацыйныя ўлады вывозяць цяпер з Херсону жыхароў. Паводле версіі Крамля, гэта адбываецца добраахвотна, хаця рэжым ваеннага стану прадугледжвае і прымусовае адсяленне. У сваю чаргу, украінцы заяўляюць, што расейскія вайскоўцы замініравалі дамбу Кахоўскай гідраэлектрастанцыі на Дняпры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Украінскія вайскоўцы зноў ударылі па стратэгічным Антонаўскім мосце, як пацвердзіла прэс-сакратар сілаў абароны поўдня Украіны. Нягледзячы на заявы акупацыйных уладаў, мірныя жыхары там загінуць не маглі, падкрэсліла Наталля Гумянюк. Мост абстралялі падчас каменданцкай гадзіны, калі па ім перапраўляліся расейскія вайскоўцы. Намеснік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Кірыла Стрэмаусаў заявіў, што былі забітыя журналісты пракрамлёўскага каналу «Таврия».

«Памятайце, што нацысты ў абліччы амерыканцаў і еўрапейцаў, якія ўласна і зарганізавалі сёння ўвесь гэты працэс, будуць нас абстрэльваць. Херсон будзе трымацца да апошняга – і паверце, гораду ніхто здаваць не збіраецца», – запэўніў Кірыла Стрэмаусаў.

Як заяўляюць акупацыйныя ўлады, сярод загінулых – Алег Клокаў, які раней працаваў на расейскім «Первом канале» і «Раша Тудэй». Дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Хлань паведаміў, што пад абстрэл маглі трапіць кадыраўцы, якія выязджалі з гораду.

Расейскія вайскоўцы прывезлі ў Херсон каля дзвюх тысяч мабілізаваных, але вывозяць з гораду цяжкое ўзбраенне, медыкаў, настаўнікаў і банкі – інфармуе Генштаб Украіны. Акупацыйныя ўлады заявілі пра намер вывезці з гораду шэсцьдзесят тысяч асобаў.

«Расейскія сілы, імаверна, зрабілі высновы, прынамсі часткова, са сваіх няўдачаў падчас панічнага адступлення Расеі з Харкаўскай вобласці перад папярэднім украінскім контрнаступам. Рацыянальна з ваеннага гледзішча было б вывесці людзей і тэхніку ў належным стане, каб пазбегчы чарговага разгрому», – напісаў у сваім свежым аналізе Інстытут вывучэння вайны.

Херсонскі плацдарм, адрэзаны Дняпром, утрымаць складана, каментуе вайсковы аналітык Юрый Фёдараў. Таму Крэмль перакідвае войскі адтуль на важнейшы напрамак – на Данбас.

«Іх выводзяць, каб выратаваць падрыхтаваных байцоў і выкарыстоўваць на важнейшых кірунках тых людзей, якія ўмеюць ваяваць. А стрымліваць суперніка ў ар’ергардных баях будуць мабілізаваныя – тыя, каго не шкада расейскаму вайсковаму камандаванню», – каментуе Юрый Фёдараў.

Каб стрымаць украінскі наступ і пашкодзіць энергасістэму краіны, расейцы падрыхтаваліся падарваць дамбу Кахоўскай ГЭС. Пад вадой апынуцца восемдзесят населеных пунктаў, заявіў прэзідэнт Зяленскі. Расейскія тэлеграм-каналы ўжо апублікавалі карту магчымага затаплення.

«Мы мусім цяпер усе разам – усе еўрапейцы, усе сусветныя лідары, усе міжнародныя арганізацыі – даць зразумець тэрарыстычнай дзяржаве, што такі тэракт на Кахоўскай ГЭС будзе азначаць роўна тое ж, што і выкарыстанне зброі масавага паражэння. Наступствы для Расеі мусяць быць адпаведныя», – падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.

Ад выбуху Кахоўскай дамбы пацярпяць самі расейскія войскі – папярэджвае ўкраінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў. Вада разальецца па нізкім усходнім беразе Дняпра – і падача вады ў Крым спыніцца. Акрамя таго, падзенне ўзроўню вады ў Дняпры можа парушыць ахаладжэнне занятай расейцамі Запарожскай АЭС.

Аляксандр Папко, «Белсат»