Еўразвяз абяцае даць «моцны адказ» рэжыму Лукашэнка за міграцыйны крызіс на мяжы


У Бруселі распачалася сустрэча лідараў Еўрапейскага Звязу. Сярод пытанняў, якія збіраюцца абмеркаваць еўрапейскія палітыкі, – міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю, які стаў пагрозай для Аб’яднанай Еўропы.

«Тое, што мы бачым на мяжы з Беларуссю, мы разглядаем як гібрыдную атаку з яе боку. Нічыім жыццём нельга рызыкаваць дзеля палітычных мэтаў. Упэўненая, што мы дадамо адзіны, моцны адказ, каб Беларусь спыніла такія дзеянні», – заявіла старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Тым часам крызіс на мяжы працягваецца. Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы за апошнія содні не пусцілі ў краіну 79 мігрантаў. Польскія памежнікі паведамілі пра 600 спробаў мінуць мяжу з беларускага боку ў не прызначаным для гэтага месцы. 19 асобаў пры гэтым былі затрыманыя.

«Крызіс на мяжы ўваходзіць у новы этап. Мы мелі справу са спробай прарыву групаю мігрантаў, узброеных нажамі, сякерай, камянямі ды бярвёнамі. Яны прарвалі агароджу нашых умацаванняў і намагаліся трапіць на польскі бок. Усе яны былі тут жа затрыманыя, быў выкарыстаны слезацечны газ. І згодна закону іх вярнулі на беларускую тэрыторыю», – распавёў Блажэй Пабожы, намеснік міністра ўнутраных справаў Польшчы.

Учора ж на польскай мяжы знайшлі чарговы труп. У рацэ Буг патануў 19-гадовы сірыец. За апошнія два месяцы гэта ўжо восьмы выпадак. Першы памерлы мігрант з Іраку быў знойдзены 4 жніўня на мяжы з Літвой. Беларускія дзяржаўныя каналы паказалі цела ў эфіры. Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу па факце смерці, пра ход расследавання дагэтуль нічога невядома.

«Сёння мы сутыкаемся з гібрыднаю пагрозаю, калі рэжым Лукашэнкі спрабуе праз штучны міграцыйны штурм на ўсходняй мяжы Польшчы, усходняй мяжы Еўразвязу дэстабілізаваць сітуацыю», – мяркуе Матэўш Маравецкі, прэмʼер-міністр Польшчы.

Складаная сітуацыя на ўсходніх межах Еўразвязу спрычынілася да абмеркавання пятага пакету санкцыяў. У спіс могуць трапіць і кампаніі-пасярэднікі, што спрыяюць перамяшчэнню мігрантаў.

«Мы бачым, як міграцыю выкарыстоўваюць як зброю, накіроўваюць мігрантаў праз мяжу Польшчы і балтыйскіх краінаў. Мы мусім узяць пад увагу гэтыя дзеянні ўладаў Беларусі, але таксама паглядзець на авіялініі ды тураператараў, што супрацоўнічаюць з імі, выкарыстоўваючы людзей як зброю, пхаючы іх праз мяжу, ствараючы сітуацыю, у якой моцна парушаюцца правы чалавека», – кажа вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль.

Адказ Дэпартаменту авіяцыі Беларусі не прымусіў сябе чакаць. Беларускія чыноўнікі сталі на абарону «Белавіі» заявіўшы, што беларуская авіякампанія не мае дачынення да транзіту мігрантаў. Аднак калі Еўразвяз зацвердзіць пералік дзяржаваў, грамадзянам якіх забараняецца лётаць у Беларусь, Дэпартамент пагодзіцца зрэалізаваць гэтае рашэнне. Патлумачыць праз тэлефон сваю пазіцыю ў Дэпартаменце адмовіліся.

«Усе свае заяўкі прысылайце, калі ласка, у нас на сайце Дэпартаменту ёсць электронная пошта куды дасылаць», – запрапанавалі ў прэс-службе Дэпартаменту авіяцыі.

Асноўнае абмеркаванне і прапановы аб пытаннях міграцыі чакаецца на саміце заўтра, 22 кастрычніка.

Марыля Дакуцька, «Белсат»