Што чакае беларусаў і Беларусь пасля аб‘яўлення Пуціным мабілізацыі?


Палітык Павел Латушка ўпэўнены, што беларусы, у тым ліку вайсковаабавязаныя, маюць поўнае права не выконваць злачынных загадаў, калі яны прагучаць. Ён выступіў з адмысловым зваротам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Як прадстаўнік Кабінету па пытаннях транзіту ўлады звяртаюся да беларусаў з заклікам быць гатовымі да прымянення натуральнага права на паўстанне і супраціўленне, уступаць у шэрагі беларускіх добраахвотнікаў і план “Перамога”. Сабатаваць любыя віды мабілізацыі, абвешчаныя марыянеткай Лукашэнкам, у тым ліку ў сферы эканомікі. Ажыццяўляць любыя дзеянні, накіраваныя на барацьбу з расейскімі акупантамі, падтрымку Украіны і адхіленне марыянеткавага рэжыму Лукашэнкі ад улады», – сказаў прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Павел Латушка.

Не апынуцца разменнаю манетаю ва ўгодзе паміж двума дыктатарамі. Заклікала беларускіх вайскоўцаў Святлана Ціханоўская.

«Я заклікаю беларускія войскі і ўсіх, хто можа патрапіць пад мабілізацыю ў выпадку яе абвяшчэння: не выконвайце злачынных загадаў. Не выходзьце на сувязь з ваенкаматамі. Калі бачыце, што пачалася падрыхтоўка да мабілізацыі, паведамляйце пра гэта медыям і актывістам. Калі вас ужо адправілі на вайну, складвайце зброю, беларускае грамадства вас падтрымае. Ніводны беларус не павінен паміраць за амбіцыі Пуціна і памылкі Лукашэнкі», – зазначыла спадарыня Ціханоўская.

Лукашэнка чарговы раз апынецца між молатам і кавадлам, мяркуе палітолаг Андрэй Казакевіч. Прынамсі на словах, самаабвешчаны кіраўнік Беларусі змушаны будзе падтрымліваць свайго хаўрусніка. Рашучыя ж крокі з удзелам арміі могуць не толькі падставіць тэрыторыю Беларусі пад удар ЗСУ, але і выклікаць чарговую хвалю пратэстаў ды супраціву ў краіне.

«Удзел беларускіх вайскоўцаў у гэтым канфлікце здаецца малаверагодным. Прынамсі гэта можа прывесці да сур’ёзных праблем для ўладаў Беларусі і новых рызыкаў, новых праблемаў у тым ліку і ў эканоміцы, новых санкцыяў. Наўрад такія ініцыятывы Расеі будуць сустрэтыя з энтузіязмам у Менску», – выказаўся Андрэй Казакевіч.

На момант стварэння гэтага матэрыялу ніякай рэакцыі на абвяшчэнне Пуціным мабілізацыі ад Лукашэнкі не было. Затое выказаўся дзяржаўны сакратар ягонага Савету бяспекі. Паводле Аляксандра Вальфовіча, беларусам мабілізацыя не патрэбная, бо яны і так мабілізаваныя.

Ян Федаровіч, «Белсат»