«Не магілізацыі» – расейцы не хочуць ваяваць у Украінаю


«Нет могилизации» – пад такім дэвізам па ўсёй Расеі праходзяць акцыі пратэстаў супраць мабілізацыі на вайну з Украінаю. Рух «Вясна» анансаваў акцыі па ўсіх буйных гарадах. Бо, цытата, «цяпер вайна па-сапраўднаму прыйдзе ў кожны дом і кожную сям’ю, а дэпутаты і чыноўнікі, якія штодня лямантавалі пра неабходнасць мабілізацыі, застануцца ў сваіх цёплых фатэлях – жывыя ды здаровыя».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Першыя на акцыі пратэстаў супраць частковай мабілізацыі, абвешчанай Пуціным, выйшлі жыхары Іркуцку, Улан-Удэ, Хабараўску і Томску. Паліцыя пачала затрыманні. Пакуль адныя пратэстуюць, іншыя спрабуюць пакінуць Расею. Квіткі на беспасярэднія самалёты да Менску, Ерэвану, Стамбулу ды іншых дасяжных для расейцаў напрамкаў раскупленыя на найбліжэйшыя дні.

Вось што пра мабілізацыю думаюць жыхары розных гарадоў Расеі:

«Думаю, што гэта сорам, што Пуціна трэба паслаць куды дальше і што хутчэй трэба мяняць уладу».

«У такія моманты заўсёды ёсць трывожнасць, бо ў цябе ёсць жонка, дзеці, і ты думаеш пра гэта, неяк пакідаць іх не хочацца, калі раптам што».

«Частковая мабілізацыя ўсё роўна прывядзе да поўнай. Рана ці позна, калі так працягнецца».

«Нам не паставілі мэты, дзеля якіх трэба ісці, таму неяк не хочацца ставіць сваё жыццё на кон».

У Кіеве на прамову Пуціна адрэагавалі спакойна:

«Безумоўна, сёння дастаткова гучныя навіны з Расеі. Шмат пытанняў з гэтай нагоды. Але што ж адбылося насамрэч? Што мы пачулі такога, чаго раней не чулі? Нашыя пазіцыі не мяняюцца праз шум або нейкія анонсы дзесьці. І мы маем у гэтым поўнае падтрыманне нашых партнёраў», – заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго вайсковая ініцыятыва – на баку Украіны. Аптымістычныя настроі і ў жыхароў Кіева:

«Пагроза была б большая, калі б была ўсеагульная мабілізацыя, але я думаю, што на гэты момант Пуцін баіцца ісці на такі крок, бо расейцы ваююць на словах. Ахвочых беспасярэдне браць удзел у вайне вельмі мала».

«Гэта ўсё адно, як бы пасадзіць расейцаў на 10 гадоў замест сямі – розніцы няма. Калі іх прымусяць ваяваць, матывацыя іхных салдатаў будзе яшчэ ніжэйшая».

«Ён псіхічна хворы чалавек. Я веру ў Збройныя сілы Украіны і спадзяюся, што нічога страшнага не адбудзецца, нас абароняць».

Частковую мабілізацыю ў Расеі Нямеччына назвала няправільным развіццём падзеяў. Брытанія спрагназавала эскалацыю сітуацыю ва Украіне. Кітай заклікаў абодва бакі спыніць агонь і пачаць мірны дыялог. Эстонія заявіла, што забароніць уезд расейцам, якія бралі ўдзел у вайне супраць Украіны. Сваю заяву зрабіла і Польшча:

«У адказ на гэтую мабілізацыю ўся супольнасць свабодных краінаў і асабліва супольнасць NATO, а гэта самы магутны альянс у сусветнай гісторыі, павінны рэагаваць падтрыманнем Украіны. Расея не можа перамагчы ва Украіне. Я заклікаю заходніх лідараў адрэагаваць фінансаваю дапамогай і дапамогай у пастаўках зброі. Мы павінны далей падтрымліваць Украіну, бо барыкада свабоды цяпер менавіта там», – заявіў прэмʼер міністр Польшчы Матэуш Маравецкі.

Паводле палітолага Івана Прэабражэнскага, абʼяўленнем частковай мабілізацыі Масква прызнала недзеяздольнасць свайго войска.

«Я думаю, што мы пачулі тэлеспектакль з удзелам аднаго актора і галоўная мэта гэтага спектаклю – схаваць той факт, што Расея пацярпела чарговую вайсковую паразу, і сутнасць у тым, што гэтая вайсковая параза можа стаць больш сурʼёзнай», – патлумачыў палітолаг Іван Прэабражэнскі.

Негатыўна на выступ Пуціна адрэагавалі акцыі расейскіх кампаніяў. Яны патаннелі нават да 10-ці адсоткаў.

Вольга Васільева, «Белсат»