Апазіцыянераў пазбавілі вайсковых званняў


Улады Беларусі афіцыйна апублікавалі ўказ Лукашэнкі аб пазбаўленні былых сілавікоў вайсковых званняў. Спіс тых, каго дыктатар пастанавіў пазбавіць пагонаў, уражвае: у ім ажно 80 прозвішчаў. Ад вядомых дзеячаў апазіцыі – да цалкам не публічных асобаў. Адметна, што частка з іх – за межамі Беларусі. Што гэта – праява бяссільнай злосці рэжыму? Ці нейкі сігнал?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падпісаны 19-га верасня, апублікаваны сёння. Указ Лукашэнкі адрозніваецца сцісласцю: пазбавіць вайсковых званняў – і далей спіс з 80-ці прозвішчаў. Сярод якіх – вядомыя асобы з апазіцыйнымі поглядамі. Ад спартоўкі Крысціны Ціманоўскай да Валерыя Сахашчыка, прадстаўніка Аб’яднанага кабінету ў справах абароны. Падпалкоўнік запасу стрымана адрэагаваў на пазбаўленне звання.

«Я думаю, што калі-небудзь усё вернецца ў межы закону і здаровага глузду. [Пазбаўленне звання] – найменшая з праблемаў, што існуе ў цяперашнім свеце. Я не хаджу ў вайсковай форме і пагонах. Пенсію мне не плацяць ад сакавіка – заблакавалі, ніхто не патлумачыў чаму. Таму асаблівага значэння гэта не мае. Думаю, у агляднай будучыні ўсё гэта скончыцца, краіна вернецца ў прававое поле», – так Валерый Сахашчык пракаментаваў новы ўказ выданню «Зеркало».

Гэта ўжо другі такі ўказ. Першы падпісалі яшчэ летась. Тады пасля пазбаўлення звання некаторыя афіцэры запасу страцілі даплаты да пенсіі ды нават спрабавалі судзіцца. Але апазіцыянерам, якія жывуць за мяжою, ад гэтых указаў ні холадна, ні горача. У чым тады сэнс такіх дзеянняў рэжыму? Гэта сігнал не для тых, хто гучна сышоў з сістэмы, а тым, хто застаецца, але вагаецца і хоча звольніцца ціха. Так мяркуе палітычны аналітык Віталь Цыганкоў.

«Такія ўказы паказваюць: вось што з вамі будзе, калі вы сыдзеце. Гэта тая сістэма, калі ўваход – рубель, выхад – два. Калі ты трапіў у сістэму сілавікоў, то павінен служыць аддана да канца кантракту, а то і да канца жыцця», – кажа Віталь Цыганкоў.

Пасля падзеяў 2020-га года рэжым зрабіў захады, каб ачысціць сілавы блок ад іншадумцаў. А ў яго кіраўніцтве адбылася кадравая перастаноўка. Шэрагі сілавікоў нібыта сцэментаваныя. Але гэтая маналітнасць пратрывае толькі да пэўных падзеяў – мяркуе Віталь Цыганкоў. Аглядальнік прыводзіць як прыклад савецкую сістэму, развал якой людзі ў пагонах успрынялі як дадзенасць. На думку эксперта, цяперашнія беларускія сілавікі будуць паводзіцца гэтаксама.

«Здавалася б, гэта поўная лаяльнасць цяперашняй сістэме. Але калі нешта здарыцца, гэтыя ж сілавікі будуць абсалютна лаяльныя новай уладзе. Ніхто з іх не будзе гаварыць, што не стане служыць прэзідэнтцы, жанчыне, ці не будзе ахоўваць гей-парадаў. Будуць як міленькія. Зробяць усё, што загадае ім новая ўлада», – мяркуе Віталь Цыганкоў.

Гэта азначае, што трываласць рэжыму залежыць ад шэрагу чыннікаў. Сярод якіх лаяльнасць сілавікоў – важны, але не самы галоўны.

Валянцін Васіленка, «Белсат»