Ці ўратуе «МТС» ад санкцыяў продаж Турцыі?


Аператар «МТС» неўзабаве можа стаць турэцкім, прынамсі напалову. Паводле крыніцаў выдання «Наша ніва», беларускі бок вядзе перамовы з турэцкім сотавым аператарам аб продажы «МТС», а заадно і «Белтэлекаму», якому, між іншага, належыць 51 адсотак кампаніі «МТС». Эканаміст Леў Марголін лічыць магчымы продаж «МТС» патрабаваннем Расеі, якой належаць астатнія 49 адсоткаў акцыяў.

«Уладальнік акцыяў з беларускага боку – «Белтэлекам», а ён можа трапіць пад санкцыі Еўразвязу, а разам з ім можа трапіць і прадпрыемства «МТС». І тое, што там ёсць доля расейскага боку, ні ў якім разе не спыніць гэтыя працэсы, калі яны пачнуцца», – кажа Леў Марголін.

Калі ж уладальнікам «МТС» разам з Расеяй зробіцца Турцыя, якая хоць і не ўваходзіць у Еўразвяз, але мае добрыя стасункі з краінамі-чальцамі ды ёсць сябрам НАТО, эканамічныя санкцыі могуць абмінуць кампанію, лічыць Леў Марголін. Пяты пакет санкцыяў Еўразвязу супраць уладаў Беларусі акурат цяпер абмяркоўваюць на міжнародных кансультацыях. А вось санкцыяў ЗША пазбегнуць не ўдасца, кажа кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

«Тая кампанія, якая набудзе гэтую долю можа трапіць пад дзеянне так званых другасных санкцыяў Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэтыя другасныя санкцыі вельмі дакладна прапісаныя ў выканаўчым указе прэзідэнта ЗША, прынятым сёлета ўлетку. Таму замежная кампанія, якая набывае долю і такім чынам дазваляе сысці з-пад санкцыяў «Белтэлекаму», панясе адпаведныя рызыкі і можа трапіць пад санкцыі Злучаных штатаў Амерыкі», – кажа Павел Латушка.

Ад продажу кампаніі «МТС», паслугамі якой карыстаюцца больш за пяць мільёнаў беларусаў, эканоміка краіны толькі страціць, падкрэслівае Леў Марголін:

«Цяпер гэта не вельмі выгадна з фінансавага боку, бо ў той сітуацыі, у якой застаецца Беларусь, разлічваць на максімальныя кошты не даводзіцца, а тым часам кампанія была выгадная для беларускага бюджэту, яна была заўсёды буйным платнікам у бюджэт, і таму бюджэт нешта згубіць ад гэтага».

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага дырэктара «МТС». Ім стаў Уладзіслаў Андрэйчанка, які да гэтага кіраваў віцебскім філіялам кампаніі. Але калі кампанію прададуць, новы гаспадар прызначыць новага кіраўніка, мяркуе Леў Марголін.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»