Ідэі на пенсію: узрост і ўзнос – угару


Пенсійны ўзрост вырасце на паўгода. Павялічыцца і мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання працоўнай пенсіі. Апроч абавязковага адлічэння ў Фонд Сацыяльнай Абароны задзейнічае назапашвальны. Ведаючы ўлады, ён можа стаць і добраахвотна-прымусовым. Усім для пенсіі трэба будзе папрацаваць болей, а ўжо цяпер некаторым пенсіянерам змяншаюць пенсіі… праз палітычныя погляды.

Валерый Костка – падпалкоўнік КДБ у адстаўцы, жыве ў Смалявічах, займаецца пчалярствам.

«І мне і Аніську ўчора патэлефанавалі з пенсійнага аддзелу і сказалі, што з першага кастрычніка нашая пенсія скарачаецца на 140-150 рублёў, бо зараз мы ўжо не падпалкоўнікі, а шараговыя ў адстаўцы», – распавёў Валерый Костка.

Сяргей Аніська, таксама падпалкоўнікам КДБ у адстаўцы, не чакаў яшчэ і ўразання пенсіі пасля таго, як Лукашэнка сваім травеньскім указам пазбавіў іх званняў сілавікоў – у ліку 86-ці афіцэраў, якія перайшлі на бок народу. Мужчыны ў судах патрабуюць вяртання званняў, якія заслужылі не пры дзейнай уладзе.

Валерый Костка разводзіць рукамі:

«Лукашэнка не меў права нас пазбаўляць гэтага звання, нават калі б быў легітымным. Таму няма сэнсу зараз прад’яўляць прэтэнзіі тым выканаўцам, якія абапіраюцца на ўказы?»

Часткі пенсіі пазбаўляюць заднім чыслом, а таму патрабуюць вярнуць дзяржаве «надплату» за тры летнія месяцы – гэта каля Br 500 рублёў. Палітычным зніжэннем пенсіяў дзяржава пагражае і іншым удзельнікам пратэстаў мінулага году. Іншыя змены ў пенсійным заканадаўстве чакаюць УСІХ. Сёння Лукашэнку прадставілі праект указу аб пенсіях. Сказаў:

«Пенсійныя выплаты перавышаюць 15 мільярдаў рублёў і складаюць 30 % агульных выдаткаў бюджэту краіны. Тое што аб годным даходзе ў старасці трэба клапаціцца загадзя – праз дадатковую добраахвотную пенсійную праграму – пытанні такія ўздымаліся на 6-ым Усебеларускім народным сходзе».

У выніку на паў гады павысяць пенсійны ўзрост. У наступным годзе жанчыны будуць выходзіць на пенсію ў 58, а мужчыны – у 63 гады.

Пры гэтым работнікам прапануюць уносіць дадатковы ўзнос на назапашвальную пенсію ў памеры да 10 % ад заробку. Працадаўца мае кампенсаваць работніку да 3 % ад гэтай сумы. Абавязковы пенсійны ўзнос у памеры 1 % ад заробку – таксама застанецца.

Навошта гэта робіцца – тлумачыць акадэмічны дырэктар цэнтру BEROC Кацярына Барнукова:

«Сённяшнія працаўнікі плоцяць узносы ў ФСАН і з іх выплачваюцца пенсіі. Адпаведна, чым менш у нас людзей працаздольнага ўзросту, тым больш пенсіянераў, тым больш расце дэфіцыт ФСАН і ў апошнія гады бюджэту даводзіцца субсідыяваць фонд».

У Беларусі два з паловаю мільёны пенсіянераў і найбольшы сярод суседзяў адсотак працоўных пенсіянераў – чвэрць. У Расеі – пятая частка. У Літве 12 % і ў Польшчы 13 % адпаведна. Сярэдняя працоўная пенсія ў Беларусі найменшая, эквівалентная $ 140, а найбольшая – $ 663 – у Польшчы. Гэта схіляе нас да меркавання, што беларускія пенсіянеры мусяць падпрацоўваць праз малыя даходы.

Спадарыня Валянціна на пенсіі не адзін год. Святло і ваду ашчаджае не толькі праз сваю экалагічнасць. Кажа, што раз на месяц хацела б наведваць цырульніка і кавярню.

«Напрыклад за апошні месяц мае выдаткі на лекі роўныя памеру маёй пенсіі. Плюс – я мушу камунальныя аплаціць. Як выжываць?».

Рахунак за камунальныя паслугі ў яе выпадку складае траціну памеру ейнага даходу. Разам з выдаткамі на харчаванне і праезд – пенсіянерка ў мінусе роўна на суму сваёй пенсіі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»