Дзень нулявой эмісіі


Ну а цяпер – дата, пра якую, мы ўпэўненыя, мала хто з вас чуў. У свеце адзначаюць Дзень нулявой эмісіі. Штогадовая міжнародная акцыя звычайна праходзіць пад дэвізам «Дайце нашай планеце хаця б адзін выходны дзень у годзе!» і нарадзілася ў Канадзе яшчэ ў далёкія 1980-ыя. У гэты дзень эколагі заклікаюць чалавецтва скараціць выкіды ў атмасферу прадуктаў спальвання вуглевадародаў, у прыватнасці перасядаць з аўтаў з бензінавымі, дызельнымі і газавымі рухавікамі ў электракары. Тэму працягне Валера Руселік.

Пра Дзень нулявой эмісіі, які адзначаюць сёння ў свеце, у Беларусі наагул мала хто чуў. Нават «Google» на адпаведны запыт толькі паціскае плячыма. Сябра рады экалагічнай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій тлумачыць: папулярызаваць гэты сімвалічны дзень адмаўлення ад традыцыйнай – бруднай – энергіі на карысць чыстай – узнаўляльнай – у нашай краіне вялікага сэнсу няма.

«Вось у мяне на хутары – сонечныя батарэі. Калі б я цяпер была на хутары, я магла б зладзіць Дзень нулявой эмісіі: не ездзіць аўтамабілем і карыстацца электрычнасцю ад сонечных батарэяў – і неяк выканаць усе гэтыя патрабаванні. У Беларусі вельмі маленькі адсотак электрычнасці ад узнаўляльнай энергіі, няма рынку энерганосьбітаў», падкрэслівае Сухій.

Каб быў рынак, патрэбная хоць нейкая свабода, гэта аксіёма. У Беларусі ж, з яе татальным кантролем з боку рэжыму Лукашэнкі, можа быць толькі дзяржаўная альбо набліжаная да дзяржавы манаполія, разважае эколаг.

«Пабудавалі атамную станцыю, і электраэнергію цяпер дзяваць няма куды. Адпаведна, магчымасць развіцця ўзнаўляльнай энергіі практычна закрылася. Там увялі квоты, якія атрымаць практычна немагчыма на тое, каб паставіць станцыю ды падключыцца да сеткі і гэтак далей. У нас пакуль што паставілі крыж на развіцца «ўзнаўлялаўкі», – робіць песімістычную выснову Ірына Сухій.

Цікава, што менавіта праз патрэбу хоць кудысьці падзець электраэнергію з Астравецкай АЭС Лукашэнка ўжо каторы год бегае – як з маляванай торбай – з ідэяй перасадзіць беларусаў у электракары.

«Ну я ўжо дайшоў да таго, што публічна пачаў тэставаць гэтыя аўтамабілі, не дзеля таго, што мне хацелася паказаць вам новы аўтамабіль! Ды не, я папросту падштурхоўваў вас і ўсё грамадства да таго, што на гэта трэба арыентавацца!» – біў у грудзі ў часе нарады ў сакавіку летась Лукашэнка.

Аднак выкрунтасы перад тэлекамерамі і рэальныя справы – не адное і тое ж, заўважае Ірына Сухій. І дадае: нават калі ўсе беларусы будуць паводзіць сябе максімальна экалагічна, а ўлады – гэтак, як паводзяць сябе сёння, то аніякіх паляпшэнняў не будзе.

«Перакладваецца адказнасць з карпарацыяў і дзяржавы на грамадзянаў: маўляў, вы трымайцеся экалагічнага ладу жыцця, а мы тут атамную станцыю пабудуем альбо Светлагорскі цэлюлозна-папяровы камбінат, а лясы мы будзем высякаць, бо падаражэла драўніна, і трэба хуценька прадаваць ды зарабляць больш грошай…» – падкрэслівае эколаг.

Ну а напрыканцы – літаральна дзве рэмарачкі. Першая: тры тыдні таму ўлады зліквідавалі аб’яднанне «Экадом». Гэта што да стаўлення лукашыстаў да экалогіі. Ну і па-другое, бязмытны ўвоз электракараў у краіну дзеіць толькі да канца года. З 1-га студзеня за кожны ўвезены гэткі аўтамабіль трэба будзе даплаціць на мяжы 15 адсоткаў ад яго мытнае цаны. Гэта што да планаў заахвоціць беларусаў перасесці ў электракары.

Валера Руселік, «Белсат»