Дзень памяці ахвяраў тэрарызму


Сёння – Міжнародны дзень памяці ахвяраў тэрарызму. Роўна год таму былі апублікаваныя кадры збіцця на Акрэсціна.

Галоўны тэрарыст Беларусі ўсё яшчэ лютуе ўнутры краіны. Пра гэта казалі ўдзельнікі акцыі супраць палітычнага тэрору, арганізаванай у скверы Барыса Нямцова ў Вільні:

«Кожны чалавек здаровай думкі выступае супраць тэрарызму, асабліва дзяржаўнага тэрарызму, палітычнага, міжнароднага».

«Тое, што адбываецца сёння, неадлучнае ад Расеі. На жаль, Пуцін фінансуе ўсе падобныя рэжымы, і трэба абазначыць, што мы разам з украінскім і расейскім народам працягваем сваю барацьбу».

«Хочацца, каб усё гэта хутчэй скончылася, каб палітвязні выйшлі з турмаў, каб Беларусь стала незалежнай ад Лукашэнкі».

Год таму ў гарадах працягваліся акцыі пратэсту – у Менску выйшлі медыкі. Вечарам быў мітынг на плошчы Незалежнасці, а ад Курапатаў да Акрэсціна амаль на 13 кіламетраў расцягнуўся жывы ланцуг.

«Тое зло, якое цяпер вылілася ў забойствы людзей, мае глыбокія карані», – казала тады жонка палітвязня Вольга Севярынец.

Сёння кіберпартызаны апублікавалі чарговае праслухоўванне. На запісе ад 8-га жніўня 2020 года меркавана намеснік начальніка менскай міліцыі Ігар Падвойскі хваліцца, як асабіста біў нагой жанчыну за гудок у аўтамабілі:

«Адчыняю дзверы на…й, за валасы выцягнуў, б…ць, гэтай самай нагой даў, як пачала крычаць там, недалёка ад рэзідэнцыі, я кажу: «заносьце».

Пасля падзеяў Ігар Падвойскі пайшоў на павышэнне. Пакарання за злачынствы ніхто не панёс, наадварот напярэдадні Лукашэнка ўзнагародзіў працаўнікоў сілавых ведамстваў і Рыгора Азаронка. Для прапагандыста гэта ўжо другая ўзнагарода – раней быў баявы «За адвагу». Лукашэнка ж працягваў распальваць нянавісць:

«Калі ўжо пасля гэтых аперацыяў, якія вы правялі ў апошні час, хтосьці ачумелы, звар’яцелы, заблукалы не зразумеў і паводзіцца таксама – гэта ворагі. Гэта ворагі! Якія яшчэ патрэбныя доказы таго, што яны хацелі з намі зрабіць?»

Аперацыі ж, якія праводзіць дзяржаўная машына, гэта ні што іншае, як злачынствы супраць чалавечнасці, зазначае праваабаронца Сяргей Усцінаў:

«Ні для каго не сакрэт, што за асобу, якая займае сёння пасаду прэзідэнта, не прагаласавала большасць грамадзянаў. Усё, што ён робіць са жніўня 2020 года – гэта ўтрымлівае ўладу з дапамогай сілавікоў».

Выступаючы ў вайсковай форме, узурпатар заявіў, што за сілавікамі мае быць будучыня Беларусі:

«Вы сапраўды ядро, і вакол вас павінныя вырастаць сапраўдныя мужыкі і фармавацца будучыня».

Паводле праваабаронцы Сяргея Усцінава, сілавікі разумеюць, што яны цяпер каста, якой усё дазволена. Але ў такім разе паўстае пытанне, як павінна рэагаваць грамадства, каб прывесці злачынцаў да адказнасці.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»