Мікіта Сафронаў: «Тое, што робіць урад Беларусі ў дачыненні беларусаў, гэта сапраўдны ГУЛАГ»


Суд адхіліў апеляцыю адвакатаў Яны Пінчук. Экстрадаваць у Беларусь яе могуць у любы момант. Фэміда засталася глухой да доказаў абароны пра тое, што на радзіме дзяўчыне пагражаюць катаванні і доўгі несправядлівы тэрмін. Са словаў суддзі, яму дастаткова таго, што афіцыйны Менск даслаў дакумент, дзе гарантаваў, што Пінчук катаваць не будуць. Не звярнуў увагі суд і на пастанову Камітэту правоў чалавека ААН з патрабаваннем да расейскіх уладаў спыніць экстрадыцыю Пінчук.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Суд адмовіў ва ўсіх хадайніцтвах, якія я падала. Было яшчэ два хадайніцтвы, не пра прыпыненне, а пра тое, каб адкласці ў сувязі з тым, што разглядаецца яшчэ адна апеляцыйная скарга Алены Віталеўны наконт адмовы Упраўленнем міграцыі Санкт-Пецярбургу», – кажа адвакатка Алена Фадзеева.

У Санкт-Пецярбурзе дзяўчына жыла з 2018 года, працавала афіцыянткай. На радзіме бывала раз на год, каб праведаць бацькоў. Яе затрымалі летась у лістападзе, на патрабаванне рэжыму Беларусі. Крымінальную справу на дзяўчыну завялі за нібыта адміністраванне тэлеграм-каналу «Віцебск 97%». Яе вінавацяць у закліках да захопу ўлады. Яне пагражае да дзевятнаццаці гадоў зняволення.

«За палітычную неабыякавасць да сваёй краіны. Я не скажу, што яна была палітычна актыўная, але яна неабыякавая да сваёй краіны. Тое, што робіць урад Беларусі ў дачыненні беларусаў, гэта сапраўдны ГУЛАГ», – кажа муж Яны Пінчук Мікіта Сафронаў.

Яна займалася не палітыкай, а валанцёрскай дзейнасцю: дапамагала сваякам схопленых беларускіх актывістаў знайсці, у якім ІЧУ іх трымаюць, удзельнічала ў зборы сродкаў для тых, хто меў патрэбу. Расейскі суд не прыняў да ўвагі і тое, што раней гэтак званая беларуская міліцыя затрымала паводле таго ж самага абвінавачвання іншую дзяўчыну. Яна прызналася, што адміністравала той самы тэлеграм-канал. Адвакат будзе падаваць скаргу на сённяшнюю пастанову апеляцыйнай інстанцыі Санкт-Пецярбургу.

Нягледзячы на гэта, Яну Пінчук могуць экстрадаваць у Беларусь ужо заўтра.

Надзея Бельская, Марк Падбярэзін. «Белсат»