Беларускія ўлады падтрымліваюць баевікоў «ДНР»


Прадстаўнікі самаабвешчанай «ДНР» заявілі, што ў «трыбунале» над палонным азоўцамі прымуць удзел прадстаўнікі Беларусі. Праўда, невядома, што за статус тыя будуць мець і якою будзе іхная роля. Між тым за ўдзел у баявых дзеяннях па-за межамі Беларусі Крымінальны кодэкс прадугледжвае пазбаўленне волі. Аднак рэжым Аляксандра Лукашэнкі не толькі не пераследуе баевікоў, але і дэманструе ім усялякае падтрыманне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

П’янства, напад на інспектара дарожна-паставой службы і нават удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Такія звесткі пра былога дэсантніка з Асіповічаў і актыўнага прыхільніка «русского мира» Сяргея Ланавенку апублікавалі «Кіберпартызаны». У 2017 годзе яго затрымалі на Дзень Волі. Журналіст Алесь Баразенка правёў з ім у камеры два дні.

«Як я разумею, яны тады з сябрам і паплечнікам проста вырашылі пайсці паглядзець ці правакацыю дробную зрабіць супраць пратэстоўцаў, але ў выніку апынуліся таксама на Акрэсціна. Ланавенка быў больш ціхі, ён вельмі пераймаўся, што ён патрапіў да міліцыянтаў, што яны нібыта свайго забралі, спадзяваўся, што разбяруцца, але не разабраліся», – узгадвае Алесь Баразенка.

Дзевятнаццатага ліпеня прапагандысцкі тэлеканал «Беларусь адзін» апублікаваў фрагмент інтэрв’ю з Ланавенкам, назваўшы яго добраахвотнікам, які ваюе на баку так званай ДНР. У пачатку ліпеня ў інтэрв’ю дзяржаўнай газеце «Минская правда» Ланавенка распавёў, што ваюе на Данбасе, прыехаў у Беларусь у адпачынак, і, магчыма, парушае закон.

За ўдзел ва ўзброеных фармаваннях і вайсковых канфліктах па-за межамі Беларусі Крымінальны кодэкс прадугледжвае пазбаўленне волі да пяці гадоў. У пачатку ліпеня Следчы камітэт заявіў пра затрыманне 20-гадовага беларуса, які толькі меў намер ваяваць на ўкраінскім баку ў палку Каліноўскага. Рэальны баявік Сяргей Ланавенка пачуваецца на радзіме даволі свабодна.

«Беларусь вядзе вайну разам з Расеяй супраць Украіны. Што можна каментаваць. Хто ваюе на баку Украіны – той для Беларусі вораг, той, хто на баку Расеі ваюе, той для Беларусі сябар. Усё, што тут яшчэ можна каментаваць», – падкрэсліў прадстаўнік «Прававой ініцыятывы» Сяргей Усцінаў.

Гэтая размова з гомельцам Дзянісам Зубам з’явілася на канале «Эдгар Миротворец». Баявік, які ваюе за самаабвешчаную ДНР, распавядае, што з 2012 года жыў у Севастопалі. Але паводле «Кіберпартызанаў», да 2018 года Зуб адбываў пакаранне за забойства за дзве бутэлькі віна і быў у спісах невыязных. Пазней, паводле «Кіберпартызанаў», звесткі пра ягоную судзімасць зніклі.

«У сённяшняй Беларусі нішто не здзіўляе ў гэтым плане, маглі проста завербаваць і пад нагодай, што ачысцім тваё мінулае, запрапанаваць паўдзельнічаць у такіх узброеных фармаваннях за вызваленне ад крымінальнай адказнасці. Гэтыя гарантыі, відаць, былі атрыманыя, бо людзі свабодна гуляюць па Беларусі і не саромеюцца заяўляць, што яны здзяйсняюць злачынствы», – заявіў прадстаўнік ініцыятывы Bypol Алег Талерчык.

Былы старэйшы пракурор Генеральнай пракуратуры Алег Талерчык, які яшчэ ў 2015 годзе меў справы з матэрыяламі беларусаў – удзельнікаў узброенага канфлікту ва Украіне, сцвярджае: шмат нашых суайчыннікаў з крымінальным мінулым ваявала на баку сепаратыстаў.

«У адрозненне ад удзельнікаў з боку АТА – там таксама былі і з крымінальнымі, і адміністратыўнымі пакараннямі – але ў агульнай масе людзей з крымінальным мінулым болей на тым баку. Такія, відаць, ідэалы ў іх, такая мараль», – падкрэсліў Алег Талерчык.

У 2016 годзе Палата прадстаўнікоў ухваліла змены ў Крымінальны кодэкс. Яны спрасцілі прыцягненне да крымінальнай адказнасці ўдзельнікаў узброеных канфліктаў за межамі Беларусі. Аднак за наступныя два гады вядомыя толькі пяць баевікоў, якія ваявалі за Данбас і былі прыцягнутыя да адказнасці. Аўтары кнігі «Беларускі Данбас» – журналісты Кацярына Андрэева і Ігар Ілляш – прыйшлі да высновы: рэжым Лукашэнкі з 2014 года падтрымлівае сепаратыстаў і не пераследуе беларускіх баевікоў. Праз год кнігу прызналі экстрэмісцкай.

Антон Каменскі, «Белсат»