Ліквідацыя БАЖ, розналёссе нашаніўцаў і 6 гадоў для работніка МЗКЦ


Мінюст падаў у Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў за нібыта «‎паўторныя парушэнні заканадаўства». Апроч спробы знішчэння грамадскіх арганізацыяў і медыяў, дзяржаўны рэжым працягвае помсціць удзельнікам леташніх пратэстаў.

Шэсць гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму за прысутнасць летась 17 жніўня на праваленай Лукашэнкам прамове на Менскім заводзе колавых цягачоў – прысуд Сяргею Пацукевічу паводле артыкулу ўдзел у масавых беспарадках.

Пераслед пачаўся пасля эпізоду, калі абсвістаны Лукашэнка ішоў праз натоўп рабочых са словамі: «Калі хоць адзін справакуе нешта тут, разбярэмся жорстка. Таму будзь мужыком. Вас натоўп. А я адзін. Апусці тэлефон! Я кажу апусці тэлефон!»

Сяргей аказаўся сярод сяброў мужчыны, які не хацеў апускаць тэлефон… і таксама меў канфлікт з іншадумцамі на прадпрыемстве – кажа колішняя аднакласніца Сяргея Пацукевіча Насця Машчава:

«За час знаходжання ў зняволенні, а гэта 8 месяцаў, Сяргей 2 разы перахварэў на каронавірус. Суд меўся прайсці яшчэ ў чэрвені, але праз хваробу яго перанеслі. Ён знаходзіўся ў шпіталі ў турме з вельмі высокаю тэмператураю – пад 40 градусаў. Пачаліся агульныя праблемы са здароўем, з зубамі».

Сябры, сваякі, аднадумцы – сёння падтрымлівалі мужчыну ў судзе Маскоўскага раёну Менску. У тым жа будынку ў гэты дзень прыпынілі разгляд справы іншага абвінавачанага праз палітычную пазіцыю. Аляксандр Думбляускас – сёння не прыйшоў на свой працэс. Мужчыну абвесцілі ў росшук.

Выйсці сёння (пасля 72-х гадзінаў паўторнага затрымання) меліся нашаніўцы Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко і Андрэй Дынько. Аднак толькі апошні на волі. Андрэя Скурко ўзялі пад варту.

«Ён не выйшаў на волю, не з’явіўся ўдома. Мы, сямʼя, заявілі ў міліцыю пра знікненне чалавека і адпаведна ад участковага ад нашага я даведалася (участковы адтэлефанаваўся), што Андрэя ўзялі пад варту», – распавяла «Белсату» жонка затрыманага – Паліна.

Лёс галоўнага рэдактара Нашай Нівы Ягора Марціновіча не паведамілі нават профільнай арганізацыі – «Беларускай асацыяцыі журналістаў». БАЖ самая знаходзіцца пад пагрозаю ліквідацыі, ініцыяванай Мінюстам.

«Заўжды хочацца спадзявацца, што ў дзяржаўных установах працуюць разумныя людзі. І што калі няма ў арганізацыі практычнай (фізічнай) магчымасці прадставіць запрошаныя дакументы – то гэта ўлічыцца. Але як цяпер зразумела – яны гэтага не ўлічвалі і падалі зараз на ліквідацыю арганізацыі», – тлумачыць Алег Агееў, юрыст Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.

Накіраваць пэўныя дакументы на правяранне ў БАЖы не змаглі, бо ўсё патрэбнае дзеля гэтага засталося за апячатанымі дзвярыма арганізацыі.

У Горадні ж сёння – выйшаў з РАУСу галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота. Атрымаў папярэджанне «пра недапушчальнасць парушэння закону аб СМІ». Міліцыю пакінуў з вынятай яшчэ ў студзені тэхнікай, ад каментароў устрымаўся.

Перад рэдакцыяй Магілёўскага сайту 6tv.by дзяржава паставіла выбар – закрыццё сайту, альбо крымінальная справа паводле артыкулаў – «экстрэмізм» і «распальванне сацыяльнай варожасці». Галоўрэд Зміцер Салаўёў і частка журналістаў з’ехалі за мяжу, адкуль працягваюць працу.

«Кантэнт фармуюць не самі журналісты. Журналісты яго толькі ў нейкую абалонку апранаюць. Кантэнт фармуе грамадства. Грамадства будзе даносіць да журналістаў навіны», – звярнуўся Зміцер Салаўёў да ўладаў.

Крымінальную справу гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі перадалі ў суд. А ў справе хрысціянскага дэмакрата Паўла Севярынца – назначылі апеляцыю – на 27-га ліпеня.

На сёння ў Беларусі 577 асобаў прызнаныя палітвязнямі. Сярод апошніх спіс папоўнілі трое журналістаў Свабоды і двое – тэлеканалу «Белсат» – Ганна Галёта і Ігар Ільяш… – муж зняволенай на два гады журналісткі Кацярыны Андрэевай. Суд Партызанскага раёну сёння адхіліў скаргу на ягонае затрыманне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»