Індыйскі штам каронавіруса ў Лідскім раёне


Сусветная арганізацыя аховы здароўя дапускае з’яўленне больш небяспечнага, чым індыйскі, штама каронавірусу. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар арганізацыі Тэдрас Гебрэесус. Між тым індыйскі штам выяўлены ў Лідскім раёне.

Гэта вельмі небяспечны выгляд КОВІД-19, які развіваецца маланкава. Асноўны сродак барацьбы з ім – прышчэпка. Аднак тэмпы вакцынацыі ў Беларусі вельмі павольныя.

Індыйскі штам каронавіруса – у Лідскім раёне. Пра гэта на нарадзе старшыні Лідскага райвыканкаму распавёў галоўны санітарны лекар рэгіёну Аляксей Арачоў, паведамляе сайт «Лідскай газеты». Упершыню пра зʼяўленне ў Беларусі дэльта-штама стала вядома 23-га чэрвеня. Тады ў Менску зафіксавалі 10 выпадкаў хваробы. Гэта вельмі небяспечны штам. Захворванне адбываецца маланкава, праходзіць у цяжкай форме і кранае нават маладзёнаў, канстатуюць медыкі.

«Небяспека гэтых штамаў заключаецца ў тым, што крыху іншая клініка, і яна развіваецца куды хутчэй, чым тыя штамы, якія былі год назад. Калі, да прыкладу, раней мы чакалі пік захворвання на 10-13-я суткі, пасля зʼяўлення сімптомаў, то цяпер гэты пік ссоўваецца да 4-5 сутак. Працэс адбываецца больш маланкава», – распавядае рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Індыйскі ці дэльта-штам можа стаць дамінуючай формай каронавіруса ва ўсім свеце, папярэджваюць медыкі. Спыніць пандэмію можна, калі сёлета прышчэпяцца 40 адсоткаў насельніцтва кожнай краіны, а налета – 70 адсоткаў, заявіў кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус.

«Мяркуючы па тэндэнцыі, якая цяпер сусветная, на тыя працэнты, пра якія кажа СААЗ, мы, на жаль, не зможам выйсці, але наблізіцца ўшчыльную цалкам верагодна», – лічыць Расціслаў Савіцкі.

Лідары ў вакцынацыі – Канада і Вялікая Брытанія. Тут дзве дозы прышчэпкі атрымалі каля паловы жыхароў. Сярод суседзяў Беларусі ў лідарах Польшча і Літва. Тут па дзве дозы вакцыны атрымалі больш за 43 адсоткі насельніцтва. Нягледзячы на адкрыццё пунктаў вакцынацыі ў гандлёвых цэнтрах, рынках і нават у сталічным метро, нашая краіна ў тэмпах вакцынацыі – на перадапошнім месцы сярод суседзяў, паміж Расеяй і Украінай. Адну дозу вакцыны ў нас атрымалі амаль 13 адсоткаў, а дзве – усяго каля васьмі. Праблема даверу да вакцынаў застаецца.

Беларусы могуць прышчапіцца дзвюма вакцынамі – кітайскай кампаніі «Сінафарм» і расейскім «Спутнікам V». І хаця расейская вакцына не дапушчаная да выкарыстання ў Еўразвязе і нават не ўхваленая Сусветнай арганізацыяй здароўя, а зʼяўленне новых штамаў зніжае эфектыўнасць абедзвюх вакцынаў, кожная з іх можа знізіць рызыку захворвання, запэўнівае ўкраінскі імунолаг Барыс Данской: «Калі вы ведзяце актыўны лад жыцця, не хварэлі, а асабліва, калі вы ў групе рызыкі, усё роўна лепей зрабіць вакцынацыю любой дасяжнай вакцынай».

Паводле Міністэрства аховы здароўя, за апошнія содні на ковід захварэлі 975 асобаў. Гэта на 375 болей, чым за папярэднія содні.

Ігар Станкевіч, «Белсат»