Алімпіяда ў Токіа пад пытаннем і магутная паводка ў Кітаі


Пакуль аўстралійскі Брысбан святкуе, правядзенне Алімпіяды ў Токіа ўсё яшчэ пад пытаннем нават за два дні да яе афіцыйнага адкрыцця. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар аргкамітэту Токіа-2020 Тасіро Муто. Нагодаю для скасавання мерапрыемства можа стаць выбух Ковід-19 у спартоўцаў і алімпійскага персаналу.

Нягледзячы на гэтую заяву, сёння, яшчэ да афіцыйнага адкрыцця Гульняў, адбыліся першыя спартовыя спаборніцтвы. Зборная Японіі перамагла зборную Аўстраліі з лікам 8:1 у матчы групавога этапу па мужчынскім софтболе.

Большая частка правінцыі Хэ-Нань у цэнтральным Кітаі аказалася затопленаю пасля моцных дажджоў, што прайшлі тут у апошнія дні. Мясцовыя метэаролагі называюць трохдзённы дождж наймацнейшым за тысячу гадоў. Рака Хуанхэ выйшла з берагоў і пагражае ста мільёнам жыхароў правінцыі.

Ня менш за 12 чалавек загінулі ў сталіцы правінцыі – горадзе Чжэнчжоў, тут за трое содняў выпала доля ападкаў амаль роўная сярэдняму паказніку за год. Вада затапіла адну з лініяў метро. Спынены рух цягнікоў, зачыненыя шматлікія магістралі, авіярэйсы адкладзеныя ці скасаваныя. Шпіталі застаюцца без электрычнасці, каля двухсот тысячаў жыхароў гораду эвакуяваныя.