Вячорка: «Санкцыі дзейнічаюць. І рэальна санкцыі пачалі працаваць ад 1 красавіка»


Колькі, куды і чаго прадаем? Раней інфармацыю пра беларускі экспарт можна было пабачаць на сайце Белстату. Цяпер гэтую інфармацыю рэжым засакрэціў. Чым гэта выклікана і ці звязана гэта з заходнімі санкцыямі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Даведацца, чым Беларусь летась гандлявала на вонкавых рынках, больш немагчыма. З сайту Белстату цалкам знікла рубрыка з дэталізаванымі звесткамі пра экспарт ды імпарт за мінулы год. Дэталізаваная замежнагандлёвая статыстыка знікла і з календара публікацыяў. Звычайна яе публікавалі штомесяц 12-га дня.

«Некаторыя лічбы хаваюцца і гэта датычыцца замежнага гандлю – экспарту-імпарту. Пачалося гэта яшчэ ў мінулым годзе, калі былі накладзеныя санкцыі на нашыя энерганосьбіты, на калійныя ўгнаенні першыя былі санкцыі. І гэта пашыраецца», – адзначыў эканаміст Леў Марголін.

Даступныя застаюцца агульныя звесткі пра беларускі экспарт. За 4 месяцы гэтага года ў параўнанні з такім жа перыядам летась замежны гандаль скараціўся на 42 з паловаю адсоткі. Хаця яшчэ ў студзені падзенне складала ўсяго 1 адсотак. Гэта вынік санкцыяў, перакананы Франак Вячорка.

«Санкцыі дзейнічаюць, і рэальна санкцыі пачалі працаваць ад 1 красавіка, калі набылі моц санкцыі супраць “Беларуськалію”, яшчэ раней амерыканскія і еўрапейскія санкцыі былі засінхроненыя. Пасля пачатку вайны закрытыя шчыліны ў санкцыях», – падкрэсліў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Тым часам, паводле афіцыйных звестак, за 4 месяцы гэтага года Менск значна нарасціў гандаль з шэрагам краінаў. Гэтак, у Егіпет Беларусь прадала тавараў на 47 мільёнаў долараў – гэта амаль у 5 разоў болей за мінулы год, продаж тавараў у Малі за год вырас у 10 разоў, у Гану – амаль у 9, у Гватэмалу аж у 23 разы. Чым гандлявала нашая краіна, афіцыйная статыстыка маўчыць.

«Усе гэтыя лукашэнкаўскія амбасадары і дыпламаты, раскінутыя па ўсіх кантынентах свету, пераўтварыліся ў гандлёвых агентаў, задача якіх – прапіхнуць, прадаць любым коштам тое, што было выраблена, спустошыць склады. Але гэта неэфектыўны падыход таталітарнай дзяржавы, якая апынулася ў глыбокім крызісе», – падкрэсліў Франак Вячорка.

Магчыма, частку экспарту па-ранейшаму складае санкцыйны беларускі калій, схаваны ў статыстыцы. Учора прадстаўнік Еўразвязу Жузэп Бурэль, абмяркоўваючы пытанне харчовага крызісу ў сувязі з вайною ва Украіне, заявіў, што некаторыя афрыканскія краіны нарасцілі імпарт беларускіх угнаенняў.

«Давайце паглядзім, што будзе з беларускім каліем. Некаторыя афрыканскія краіны ўвозяць больш калію з Беларусі, чым раней. Гэта значыць, у некаторыя краіны ўвоз большы, у некаторыя меншы. Але гэта не азначае, што гэта звязана з нашымі санкцыямі», – заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у вонкавай палітыцы Жузэп Бурэль.

Бурэль адзначыў, што санкцыі Еўразвязу адносна калію датычаць толькі сябраў ЕЗ і не закранаюць трэціх краінаў. Аднак знайсці пакупнікоў санкцыйных таварах – гэта толькі частка справы, падкрэсліў Леў Марголін:

«Галоўнае – гэта не столькі знайсці пакупнікоў беларускіх угнаенняў, беларускіх нафтапрадуктаў, колькі знайсці лагістычныя ланцужкі, каб гэта можна было зрабіць. Таксама і фінансавыя працэдуры, таксама, каб за гэта можна было атрымліваць грошы. Скажам, Індыя гатова купляць у Беларусі вельмі шмат угнаенняў, але пакуль ёсць праблема, як іх туды даставіць і як за гэта разлічыцца».

Нягледзячы на тое, што спачатку года ВУП Беларусі паказваў пазітыўную дынаміку, па выніках першага кварталу падзенне эканомікі, паводле афіцыйных звестак, складае больш за два адсоткі.

Антон Каменскі, «Белсат»