Ці можна забараніць гісторыю?


«І дай бог праз год пасля прысягі першым беларукім прэзідэнтам народу стала хоць трошкі лепш», – казаў Аляксандр Лукашэнка пад бел-чырвона-белым сцягам падчас сваёй прысягі беларускаму народу ў 1994 годзе. Сілавы блок сучаснай Беларусі прапанаваў улучыць бел-чырвона-белы сцяг і лозунг «Жыве Беларусь!» у пералік нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі. Не зважаючы на тое, што пасля развалу СССР бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным сцягам Беларусі. А паўстаў ён яшчэ стагоддзе таму падчас Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Гэта нацыянальныя сімвалы, правераныя гісторыяй і прычым вельмі даўняй, цяжкай, вельмі знакамітай гісторыяй, калі беларусы фармаваліся як нацыя», – звяртае ўвагу прафесар, доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Па ініцыятыве Лукашэнкі на рэферэндуме 1995-га бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі замененыя на сучасныя дзяржаўныя сімвалы. Статус другой дзяржаўнай атрымала расейская мова. Беларусы, якія не падзяляюць палітычнага курсу Лукашэнкі, пачалі выкарыстоўваць лозунг і нацыянальны сцяг на акцыях пратэсту.

Як самыя пратэсты, гэтак і сімволіку, якую на іх выкарыстоўваюць, улады забараняюць. Афіцыйна гэта тлумачаць тым, што сімволіка незарэгістраваная. Цяпер жа з вуснаў прыхільнікаў Лукашэнкі гучыць новая прычына: нібыта бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся карнікамі і паліцаямі.

«Абсалютна няма ніякіх гістарычных падставаў, бо выкарыстанне калабарантамі падчас Другой сусветнай вайны нацыянальных сімвалаў – гэта была звычайная рэч. І калі забараняць бел-чырвона-белы сцяг, то яшчэ хутчэй трэба забараняць расейскі трыкалор, бо якраз пад ім беларусаў забівалі падчас вайны расейцы, якія былі калабарантамі і служылі ў гітлераўскай арміі», – тлумачыць Аляксандр Краўцэвіч.

Што беларусы думаюць пра намер аднесці сцяг і лозунг да нацысцкай сімволікі, мы запыталіся на вуліцах Менску:

«Я лічу, што гэта лухта поўная, як і ўсё, што зараз адбываецца ў краіне».

«Ён зробіць у любым выпадку, як захоча зрабіць, але мне здаецца, што любая сімволіка не можа забараняцца».

«Мне гэты сцяг не падабаецца, таму асоба з гэтай нагоды я не перажываю. Будзе галасаванне – я прагаласую супраць гэтага сцяга».

«Лукашэнка пад гэтым сцягам прысягу прымаў калісьці. Таму ён сам сабе ўсё гэта адмаўляе».

«І са сцягамі, і з лозунгамі, і сімволікай, і з межамі – гэта ўсё адзін глабальны працэс, які потым прывядзе да таго, да чаго трэба».

Летась дзяржава пачала караць сваіх грамадзянаў нават за спалучэнне белага і чырвонага колераў. Сёлета нацыянальны сцяг збіраліся занесці яшчэ і ў спіс экстрэмісцкай сімволікі. Але такія забароны могуць толькі ўзмацніць раскол у грамадстве.

«Развязванне амаль што вайны грамадзянскай у Беларусі, бо пад санкцыі тады трапіць ці не чвэрць насельніцтва Беларусі, для якіх гэта нацыянальныя сімвалы і якія выражаюць іхную ідэнтычнасць, для іх важныя, для нейкай часткі нават вельмі важныя», – мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў.

Супрацьстаяць нацыянальнай сімволіцы спрабуюць таксама іншым шляхам: праз актыўнае выкарыстанне чырвона-зялёных сімвалаў на зарганізаваных дзяржаўнымі і праўладнымі ўстановамі імпрэзах.

Ірына Карніенка, «Белсат»