Захопленыя серверы, апячатаны офіс, заблакаваны рахунак… Што цяпер адбываецца з TUT.by


Захопленыя серверы, апячатаны офіс, заблакаваны – нават для выплаты заробкаў – рахунак кампаніі Тут.бай. Дэпартамент Фінансавых расследаванняў сёння дапытаў Адар’ю Гуштын – сведку па крымінальнай справе супраць топ-менеджараў, працаўнікоў і калегаў парталу, якіх затрымалі ў аўторак і не выпусцілі сёння – праз 72 гадзіны.

15 содняў арышту далі журналісту газеты «Беларусы і рынак» Арцёму Маёраву, які 18-га траўня працаваў ля офісу ТUТ.by, дзе сілавікі масава затрымлівалі супрацоўнікаў, правялі ператрус і апячаталі офіс рэдакцыі.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні «Беларускай асацыяцыі журналістаў», каментуе:

«Яны звычайна пішуць, што не падпарадкоўваўся ў аддзяленні міліцыі ці лаяўся матам у службовым транспарце. А потым як ты абвергнеш? Суды ж аўтаматычна выносяць гэтыя содні».

Мінулі 72 гадзіны ад моманту затрымання 15-ці калегаў і ТОП-менеджараў кампаніі TUT.by. На волю яны не выйшлі. Вядома, што ў СІЗА Жодзіна перавялі галоўную рэдактарку Марыну Золатаву, рэдактарку Вольгу Лойку і журналістку Алену Талкачову. Гэта можа азначаць, што іхны статус змяніўся на «падазраваныя».

Крымінальную справу завялі паводле ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад аплаты падаткаў). Паводле Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, партал, які зʼяўляецца чальцом Парку высокіх тэхналогіяў, беспадстаўна карыстаўся ягонымі прадуктамі.

Шэраг акцыянераў і ўладальніца кантрольнага пакету Яўгенія Чарняўская – застаюцца на волі. Сярод затрыманых толькі некаторыя супрацоўнікі TUT.BY маюць дачыненне да гаспадарчай дзейнасці кампаніі. Акцыянеры – адно гендырэктарка Людміла Чэкіна і галоўрэд Марына Золатава, тлумачыць сузаснавальнік парталу Кірыл Валошын:

«Знаходзяцца там, па пакуль не вядомых для нас прычынах, асобы, не звязаныя непасрэдна з TUT.by, як, напрыклад, гендырэктар сяброўскай з намі кампаніі Hoster.by. Пад хатнім арыштам знаходзіцца ніяк не звязаная з бізнесам TUT.by удава Юрыя Зіссера».

Пасля ператрусу супрацоўнікамі ДФР і Камітэту дзяржбяспекі апячатаны офіс медыя, за плячыма ў якога – больш за 20 гадоў працы, цэлая сетка праектаў і аўдыторыя – 30 млн. наведнікаў на месяц. TUT.by забіраў сабе 60 % медыя-чытачоў у Беларусі.

Доступ да парталу адсутнічае цалкам – нават у замежжы. Рахунак кампаніі заблакаваны. Працуе адно электронная пошта праз серверы Yandex.ru. Навіны ж выходзяць у сацыяльных сетках.

Кірыл Валошын заявіў:

«Знікненне доступу да нашых сервераў троху падобнае нават на рэйдарскі захоп. То бок заблакаваны не толькі дамен парталу. Наколькі мы разумеем, серверы, праграмнае забеспячэнне, дыскавыя накапляльнікі – яны ўсе канфіскаваныя з пляцоўкі, дзе былі размешчаныя серверы кампаніі».

Hавiны
Кірыл Валошын пра сітуацыю з сэрверамі TUT.by: «Гэта падобна на рэйдарскі захоп»
2021.05.21 17:15

Тут.бай накіруе ў Міністэрства інфармацыі запыт аб атрыманні спісу матэрыялаў, з-за якіх заблакавалі партал. А ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў – просьбу разблакаваць частку рахунку дзеля выплаты заробкаў і дэкрэтных.

Такую рэчаіснасць пабачыла журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч пасля свайго вызвалення з калоніі, дзе правяла паўгода за матэрыял пра прычыны смерці героя пратэсту Рамана Бандарэнкі.

Сёння былая палітзняволеная выказала жаданне: «Я вельмі хачу, каб гэты этап для ўсіх журналістаў у краіне скончыўся, але як рэалістка, я разумею, што наўрад ці сёння ўвечары адкрыюцца дзверы і яны выйдуць з Акрэсціна і СІЗА КДБ».

На гэты момант за кратамі знаходзяцца 27 журналістаў. Паўсотні незалежных сайтаў і выданняў – заблакаваныя. І 8 друкаваных СМІ выходзяць з цяжкасцямі ці не могуць выпусціць наклад. Як да гэтага ставяцца чытачы і гледачы з Гомля?

– Што дрэннага зрабіў ТУТ.бай? Асвячае тое, што адбываецца ў краіне.

– «Прэсаваць» СМІ без прычыны – нядобра.

– Як у Паўночнай Карэі неўзабаве тут будзе – гэтак мы да такога ставімся. Поўнае бязладдзе.

– Сайтаў можа быць мільён і кожны чалавек выбірае сабе. Гэтак можна ўсё закрыць, калі на тое пайшло.

А можа, на тое і пайшло?

Юлія Цяльпук, «Белсат»