Знішчэнне грамадзянскай супольнасці – «інвентарызацыя», якую праводзіць Міністэрства юстыцыі


Інвентарызацыя, праведзеная «органамі юстыцыі ва ўзаемадзеянні з праваахоўнікамі» – так Міністэрства юстыцыі называе разгром грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Кіраўнік ведамства генерал Сяргей Хаменка адсправаздачыўся Лукашэнку аб змяншэнні колькасці грамадскіх аб’яднанняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Следам за грамадскімі арганізацыямі, якіх толькі за апошнія паўгода зліквідавалі 116, фактычна знішчаюць незалежныя прафзвязы. І гэта заканамерны вынік змагання лукашэнкаўскага рэжыму з народам, падкрэслівае старшыня Беларускага абʼяднання рабочых Сяргей Дылеўскі.

«Усялякая адсутнасць праўлення незалежных прафзвязаў будзе азначаць, што ні адзін чалавек цяпер не абаронены, ні як працаўнік, ні як асоба. У Беларусі не засталося праваабарончых арганізацыяў. То бок калі правы рабочага будуць парушацца на нейкім прадпрыемстве, яму проста няма да каго звярнуцца, каб яго правы абараняліся», – падкрэслівае Сяргей Дылеўскі.

Ператрусы ў офісах і кватэрах лідараў незалежных беларускіх прафсаюзаў пачаліся ўвечары аўторка.

Затрыманыя асобы – сімвалы абароны правоў працоўных. Былы наменклатурнік старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук яшчэ з 90-х адстойвае інтарэсы працоўных у Міжнароднай арганізацыі працы. Заснавальнік незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч за актыўную дзейнасць у 2018 годзе атрымаў 4 гады «хіміі». Аляксандр Бухвостаў ініцыяваў першыя страйкі рабочых у Гомлі ды Менску.

«Калі казаць пра нейкія механізмы, інструменты, якія існуюць у свеце, то канешне ёсць міжнародныя канвенцыі, якія ратыфікаваныя Беларуссю, ёсць пытанне двухбаковых і трохбаковых пагадненняў паміж міжнароднай арганізацыяй працы, незалежнымі прафсаюзамі і беларускай уладай але зараз гэта ўсё не працуе, бо Лукашэнка закусіў цуглі, ідзе ва-банк і яму абсалютна па барабане, якія будуць яму рэпрэсіі прымененыя», – лічыць кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак.

Але ўлады Беларусі не разумеюць, што зачыстка грамадзянскай супольнасці не здымае крызісу ў краіне.

«Беларуская хунта думае, што калі пасадзіць таго ж Ярашука, напрыклад, то яны пазбавяцца ад той праблемы, што рабочыя могуць забаставаць. Але яны не разумеюць, што гэта далёка не так», – кажа Сяргей Дылеўскі.

У кожнай праяве актывізму ўлады бачаць небяспеку. Таму панятак «грамадзянская супольнасць» Лукашэнка патрабуе патлумачыць і дакладна адлюстраваць у заканадаўстве. Наступнымі ж у спісе на зачыстку могуць стаць адвакаты.

«Адвакат павінен выконваць свае функцыі, не баючыся нічога, але ў той жа час мы павінны разумець, што гэта дзяржаўны чалавек. І ягоныя дзеянні павінны быць заснаваныя на нормах закону, а не нейкіх прыдуманых нормах – свабоды слова і іншых свабодаў. Мы ўжо наеліся гэтай свабоды. Дзякуй богу, убачылі, якую свабоду нам сюды нясуць», – заявіў Лукашэнка.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў ліцэнзіяў пазбавілі ўжо дзясяткі адвакатаў, а паводле новага Закону аб адвакатуры абаронцы не могуць працаваць індывідуальна або ў адвакацкім бюро – толькі ў складзе юрыдычных кансультацыяў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»