«У нядзелю Шанхай паведаміў пра тры выпадкі смерці ад COVID-19». У Кітаі ізноў выбух пандэміі


У Шанхаі – самы буйны выбух ковіду за апошнія два гады. Мільёны людзей у горадзе – пад строгай ізаляцыяй з забаронаю выходзіць без адмысловага дазволу. Кітай прытрымліваецца палітыкі «нуль выпадкаў», таму колькасць захворванняў, якая здаецца нам цалкам звыклай і нястрашнай, для краіны, адкуль і пайшоў ковід па свеце, – нагода закрыць і паралізаваць 26-цімільённы горад.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Апусцелыя вуліцы, людзі ў спецхалатах, дэзынфекцыя і бясконцыя чэргі на ковідныя тэсты. Праз выбух пандэміі ў 25-цімільённым Шанхаі – жорсткі локдаўн. Робасабакі патрабуюць заставацца ўдома і папярэджваюць пра адказнасць за парушэнне каранціну.

Лакальна локдаўн пачалі ўводзіць у сярэдзіне сакавіка.

«Мяне з сяброўкаю пасадзілі 14 сакавіка, наш кампаўнд, кагосьці раней, і ўсё гэта, казалі, на два дні. 430/520 У выніку людзі ўжо сядзяць 18 дзён, і ніхто не ведае, калі гэта ўсё скончыцца», – распавядае беларуска Настасся, якая пражывала ў Шанхаі.

Цалкам горад закрылі 28-га сакавіка. Без адмысловага электроннага дазволу нельга выйсці надвор, трапіць у краму ці аптэку. Улады арганізуюць дастаўку ежы, лекаў і неабходных рэчаў.

«Паводле свайго раёну і знаёмых, ежу дастаўляюць усім мінімум раз на тыдзень. Камусьці – раз на 5 дзён. Ежы дастаўляюць дастаткова, абсалютна няма голаду. У мяне ў знаёмых маразілкі забітыя, мы баімся, каб не сапсаваліся прадукты», – кажа беларус Юрый, які застаецца ў Шанхаі.

Не зважаючы на пагрозы арыштаў і штрафаў шанхайцы пратэстуюць супраць абмежаванняў, пераабсталявання жылых комплексаў у каранцінныя цэнтры. Даходзіць да сутычак з паліцыяй у белых халатах. А ўначы ад стомы горад даслоўна крычыць. У нядзелю ў Шанхаі зарэгістравалі амаль 2500 выпадкаў захворванняў на о-мікрон. І толькі трое памерлых.

«У нядзелю Шанхай паведаміў пра тры выпадкі смерці ад COVID-19. Усе трое былі пажылыя асобы і пакутавалі на спадарожныя хваробы», – паведааміла Ўу Цянь Юй інспектар шанхайскай муніцыпальнай камісіі аховы здароўя.

«Нуль выпадкаў» захворванняў – гэтай палітыкі Пекін прытрымліваецца з пачатку пандэміі, каб прадэманстраваць эфектыўнасць кіроўнай Камуністычнай партыі ў барацьбе з каронавірусам і падтрымаць эканоміку.

Цяпер нагода для абмежаванняў іншая: не дапусціць пратэстаў на вуліцах. Кіраўнік Паднябеснай Сі Цзінь Пін імкнецца да пажыццёвай улады, мяркуе Наталля Бутырская. Раней з Канстытуцыі Кітаю прыбралі абмежаванне паўнамоцтваў старшыні КНР двума тэрмінамі. У верасні Сі Цзінь Пін можа абрацца трэці раз.

«Падчас свайго кіравання Сі Цзінь Пін ломіць сістэму, ён намагаецца збудаваць іерархію і закальцаваць яе на сабе. Чым гэта пагражае, мы ведаем, бо ў нас ёсць і Расея, і Беларусь пад бокам. Каб зрэалізаваць гэтую схему, патрэбныя сілавыя метады», – тлумачыць экспертка ва Усходняй Азіі Наталля Бутырская.

Праз локдаўн спыненыя шанхайскі порт і шэраг прадпрыемстваў. Эксперты занепакоеныя, што гэта прывядзе да разрыву сусветных ланцугоў паставак. Аднак падобна, Пекін і надалей будзе жорстка змагацца з каронавірусам.

Антон Каменскі, «Белсат»