Лагістычны калапс у Расеі: «Для Расеі з яе недабудаваным БАМам з 70-х гадоў – гэта ўдар пад дых»


З 16 красавіка дастаўка еўрапейскіх грузаў у Беларусь і Расею адбываецца наступным чынам: еўрапейскі аўтамабіль вязе груз да беларускага транспартна-лагістычнага цэнтру, дзе яго перагружаюць ці перачапляюць на цягач беларускай кампаніі, якая вязе тавар да атрымальніка. Транспартна-лагістычныя цэнтры – вотчына прыдворнага бізнесу Лукашэнкі. Цяпер попыт на іх паслугі істотна павысіўся.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле зеркала.іо, працаўніца беларускай фірмы-перавозніка сведчыць:

«Цяпер у «Белмытсэрвісе» поўны хаос, інфармацыі ад урадавых арганізацыяў мала, кожны працаўнік і начальнік на сваім месцы прымае рашэнні больш інтуітыўна, бо сітуацыі ў многіх кіроўцаў розныя. Датэлефанавацца ў транспартна-лагістычны цэнтр для атрымання інфармацыі немагчыма».

На гэтым фоне цалкам лагічнымі выглядаюць просьбы расейскага бізнесу да Крамля паўплываць на Лукашэнку і дабіцца дазволу на транзіт еўрапейскіх тавараў у Расею. Бо мала таго, што кошт дастаўкі аўтамабільным транспартам з Еўропы ў Расею вырас практычна ўтрая, дык яшчэ і трэба доўга чакаць у чарзе на перачэп грузаў у Беларусі – некалькі дзён. Гэта ўплывае на эканоміку Расеі.

Эльвіра Набіуліна, кіраўніца Банку Расеі, заяўляе:

«Што такое структурная перабудова эканомікі? Гэта, па сутнасці, усе эканамічныя сувязі. Рынкі збыту, геаграфія экспарту, імпарту, доля ў эканоміцы розных галінаў, ступень лакалізацыі вытворчасці. Узровень уключанасці ў міжнародныя эканамічныя ланцужкі і размеркаванне працоўнай сілы па сектарах, попыт на спецыялістаў пэўных спецыяльнасцяў. Узровень тэхналагічнасці вытворчых працэсаў і гэтак далей. Практычна ўсё гэта мусіць цяпер змяніцца».

Кіраўніца Банку Расеі канстатавала залежнасць расейскай эканомікі ад еўрапейскіх паставак. Усё-такі да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Еўрапейскі Звяз быў галоўным гандлёвым партнёрам Масквы – сцвярджае эканаміст Максім Блант:

«Шыюць вопратку, а гузікаў не хапае. Няма гузікаў – і ўсё, а без гузікаў не атрымліваецца. І маланак няма, і фурнітуры не хапае. Вырабляем мы прадукты харчавання – выдатна, толькі пакаваць іх няма ў што. І гэтак далей. Папяровая прамысловасць: папера робіцца з расейскага лесу, а адбельваць яе няма чым, бо хімікаты для адбельвання паперы пастаўляліся з еўрапейскіх краінаў. І без іх атрымліваецца ў найлепшым выпадку папера туалетная».

І на фоне гэтага ўсяго Кітай запусціў чыгуначны маршрут у Нямеччыну ў абыход Расеі і Беларусі. Да таго ж, ёсць звесткі, што кітайская сістэма «Ю́ньёнПэй» (UnionPay) адмаўляецца выпускаць карткі для расейскіх банкаў. Яўна не такой дапамогі ад Пекіну чакалі ў Крамлі.

«Для Расеі з яе недабудаваным БАМам з 70-х гадоў – гэта ўдар пад дых. Усе грандыёзныя планы, што, маўляў, мы станем зараз аграмаднай транспартавай перавалачнай базай для кітайскіх тавараў, якія ідуць на Захад, цяпер трошкі не апраўдваюцца. Безумоўна, санкцыі нанясуць удар і па гэтых планах, па статусе вялікай транзітнай дзяржавы, аб якім яны марылі ўжо ў нейкім 2002–2003 годзе» – дадае Блант.

Неразвітасць расейскай інфраструктуры для хуткай пабудовы новых лагістычных ланцужкоў адзначае і кіраўніца Банку Расеі. Адпаведна, Лукашэнка хоча цалкам завязаць на свой прыдворны бізнес не толькі даставу беларускіх тавараў, але і транзіт расейскіх грузаперавознікаў.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»