Забарона абмену валюты


Пачынаючы з ліпеня, калі курс валют будзе скакаць занадта рэзка, або ў скарбніцы скончыцца залаты рэзерв, Нацбанк і ўрад змогуць проста забараніць абмен валюты, нават на год.

Улады Беларусі абяцаюць лібералізацыю валютнага рынку. Грамадзянам дазволяць адкрываць рахункі ў замежных банках, купляць акцыі ды замежную нерухомасць. Лукашэнка падпісаў указ, які падводзіць заканадаўства пад закон «Аб зменах законаў у пытаннях валютнага рэгулявання і валютнага кантролю».

«Сам па сабе гэты ўказ прыводзіць у адпаведнасць з законам, прынятым яшчэ ў 20 годзе, і іншыя ўказы Лукашэнкі. Сам ролі не грае, але тое, што ўлады актывізаваліся ў гэтым накірунку, сведчыць пра тое, што сітуацыя напружаная на валютным рынку і нестабільная», – адзначае журналіст-расследавальнік Станіслаў Івашкевіч.

Новы закон набудзе моц 9 ліпеня. Ён дае права ўраду і Нацбанку забараняць валютныя і валютна-абменныя аперацыі ня менш як на год. Падставаю можа быць – падзенне курсу беларускага рубля, рэзкае скарачэнне золатавалютных рэзерваў і, як вынік, пагроза эканамічнай і фінансавай сітуацыі.

«Валютныя абмежаванні маглі быць уведзеныя да гэтага, таму што ў Беларусі часта не да законаў. У Беларусі абнуленыя правы і свабоды чалавека, тым больш валютныя і грашовыя абавязкі, якія ёсць у краіне. Фармальна дастасавалі палажэнне закону праз дэкрэт прэзідэнта, а вось для звычайных людзей, для бізнесу і так усё відавочна. Дзяржаве можна рабіць што заўгодна, калі захоча яна палічыць мэтазгодным», – падкрэслівае Яраслаў Раманчук, прэзідэнт Навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

Эканаміст нагадвае, што валютныя абмежаванні Нацбанк уводзіў і раней: «У 90-х гадах, асабліва ў другой палове, калі толькі пачаў прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка, там таксама былі абмежаванні на доступ да валюты, каб было дзесяць курсаў абменных і была розніца амаль 300 адсоткаў. Гэта была сітуацыя знішчальна-разбуральная для эканомікі».

Апошнім разам, каб утаймаваць шалёны попыт, Нацыянальны банк уводзіў 30-адсоткавы збор на куплю валюты. Гэта было ў 14-м годзе. Між тым золатавалютныя рэзервы Беларусі толькі ў першым квартале скараціліся на 529 мільёнаў долараў – значна хутчэй, чым планаваў Нацбанк. Цяпер памеры рэзерваў складаюць каля 7 мільярдаў долараў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»