Новы пераслед музыкаў


Падазрэнне ў абразе кіраўніка Гомельскай вобласці. Так патлумачылі лідару гурта «Gods Tower» свой візіт прадстаўнікі Следчага камітэту. За каментар, размешчаны летась у жніўні на «YOUTUBE», Уладзіслаў Наважылаў, вядомы як Лэслі Найф, стаў падазраваным у крымінальнай справе. У музыкі, які жыве цяпер у Менску, забралі мабільны тэлефон.

«Я з адвакатам прыеду ў Гомель у панядзелак і буду праходзіць псіхалагічную экспертызу. Яны лічаць, што нармальны чалавек не можа быць кепскага меркавання аб губернатары Гомля. Напэўна, так», – кажа Уладзіслаў Наважылаў.

Музыка не звязвае інцыдэнту з родам сваёй дзейнасці ці вядомасцю, а толькі з працаю сістэмы. Але ўзмацненне ціску менавіта на музыкаў заўважаюць многія ягоныя калегі. Пра адмену ўсіх травеньскіх канцэртаў на Гарадзеншчыне паведаміў лідар гурта «J:MORS» Уладзімір Пугач:

«На некалькіх пляцоўках адначасова ўзніклі «тэхнічныя прычыны», і яшчэ на адной – выбух каронавіруса. Паўсюль прамоўтэры – прыватныя кампаніі. Мы разумеем, што ў іх і выбару, хутчэй за ўсё, не было. Дзякуй, што паспрабавалі».

Музыкі загаварылі пра вяртанне так званых чорных спісаў.

У сакавіку забаранілі канцэрт берасцейскага гурта «Дай дарогу!». Не атрымаў дазволу прэзентаваць новы альбом гурт «Крама». А музыкі з «Разбітага сэрца пацана», адседзеўшы ў лютым 15 содняў, тройчы безвынікова спрабавалі атрымаць «гастролькі», пасля чаго з’ехалі ў Кіеў.

«Магутная хваля пачалася на 10-годдзе праўлення Лукашэнкі. Мы сыгралі канцэрт на Бангалоры, пасля якога быў створаны чорны ліст, і першым нумарам у гэтым лісце быў «N.R.M.», – кажа Піт Паўлаў.

А таксама «Крама» і «Ляпіс Трубяцкой», «Neuro Dubel» і «Палац», Зміцер Вайцюшкевіч ды іншыя беларускія музыкі. Сёння прычынай адмовы ў так званай «гастрольцы» – дазволе, без якога нельга ладзіць канцэрт – ужо не называюць нізкую мастацкую якасць твораў, як гэта было раней.

«На падачу дакументаў на гастрольнае пасведчанне яны адказваюць: эпідэмічная сітуацыя, Юрый Іванавіч. Вось і ўсё. А «Руки вверх» ці іншыя гурты папсовыя, расейскія – калі ласка, грайце, збірайце арэны», – кажа лідар гурта «Дай дарогу!» Юрый Стыльскі.

Пасля жнівеньскіх падзеяў многія музыкі самі адмовіліся выступаць у Беларусі – і на знак пратэсту супраць паслявыбарчага гвалту, і каб не прыносіць грошай у бюджэт улады. Але пры гэтым актыўна выступалі падчас мірных акцыяў, асабліва калі пратэсты перанесліся ў двары.

«Мы з музыкамі, гурт «Рэха», напрыклад, ужо даўно ў такой сітуацыі, калі не асабліва азіраемся на «гастролькі», а граем канцэрты, якія самі людзі ў абыход гэтаму арганізоўваюць», – кажа Андрусь Такінданг.

У сітуацыі ўзмацнення ціску важныя салідарнасць і падтрыманне – як ад калегаў з цэху, гэтак і ад гледачоў, адзначаюць музыкі. Ды заклікаюць набываць музыку ўлюбёных выканаўцаў ды квіткі на онлайн-канцэрты.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»