Супраць Расеі могуць разгарнуць жорсткія эканамічныя санкцыі

Расейская ФСБ заявіла пра разгром групы ўкраінскіх дыверсантаў на двух БМП у Растоўскай вобласці непадалёк станіцы Міцякінская. Як ні дзіва, але гэтая Міцякінская прылягае да раёнаў Луганскай вобласці, якія кантралююць расейскія гібрыдныя сілы ЛНР. У Кіеве гэтую заяву расейскіх сілавікоў назвалі чарговым фэйкам. Але, нават калі Расея распачне адкрытую агрэсію супраць Украіны правакацыяй пад фальшывым сцягам, атрымае ў плечы еўрапейскія эканамічныя санкцыі. І даволі жорсткія.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Украіна і Еўрапейскі Звяз дамовіліся разгарнуць у Кіеве вайсковую кансультатыўна-навучальную місію, заявіў у Бруселі міністр замежных справаў краіны Дмытро Кулэба.

«Гэта не баявыя сілы, гэта новы элемент у супрацы паміж Украінай і Еўрапейскім Звязам. Я таксама заклікаў калегаў з ЕЗ прапанаваць Украіне перспектыву ўступлення ў ЕЗ» – растлумачыў міністр.

Калі і колькі ваенных дарадцаў з Еўразвязу прыбудзе ва Украіну, яшчэ трэба будзе вызначыць. Краіны ЕЗ таксама дапамогуць Украіне ўзмацніць кібербяспеку. Іншая задача, пра якую гаварылі ў Бруселі, – пераканаць Крэмль адвесці войскі ад украінскіх межаў.

«Я настойліва звяртаюся да расейскага ўраду, да расейскага прэзідэнта: не гуляйце з чалавечымі жыццямі», – заклікала міністр замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак.

Як паведаміў міністр замежных справаў Украіны, Еўразвяз гатовы ўвесці санкцыі супраць Крамля. Абмяркоўваецца толькі, што стане спускавым кручком. Разам з тым Еўразвяз гатовы арганізаваць перамовы з удзелам Вашынгтону – заявіў кіраўнік Еўрапейскай дыпламатычнай службы Жузэп Бурэль. Байдэн і Пуцін сустрэнуцца пасля размовы дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена і міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова. Перамовы двух міністраў пацвердзіў і Крэмль, праўда сустрэчы прэзідэнтаў ён не плануе.

«Перш чым сустракацца, асабліва ў такой напаленай атмасферы, важна зразумець, чым гэтыя саміты, гэтыя сустрэчы скончацца і які будзе вынік. Таму дамовіліся лідары Расеі і Францыі аб тым, што нашыя заходнія калегі, якія ініцыююць такога кшталту мерапрыемствы, прэзентуюць нам сваё бачанне магчымых вынікаў. Вось чакаем», – заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

Як перадухіліць расейскае ўварванне ва Украіну, абмяркоўвалі таксама на Мюнхенскай канферэнцыі ў справе бяспекі, якая завяршылася нядаўна. У выпадку нападу Брусель і Вашынгтон увядуць беспрэцэдэнтныя эканамічныя санкцыі супраць Расеі. Генеральны сакратар NATO назваў патрабаванні Масквы не браць Украіну ў альянс «непрымальнымі». Прэзідэнт Украіны, у сваю чаргу, прапанаваў склікаць сустрэчу пастаянных чальцоў Рады Бяспекі ААН, каб даць Украіне гарантыі бяспекі.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама