«Даведалася, што з’яўляюся фігуранткай дзвюх крымінальных справаў»: рэпрэсіі ў беларускай адукацыі


Адлічвалі, пазбаўлялі месцаў у інтэрнатах і стыпендыяў, абвяшчалі вымовы і звальнялі, спрыялі кіданню ў турмы. Адміністрацыі айчынных універсітэтаў пагалоўна дапамагалі рэжыму Лукашэнкі рэпрэсаваць студэнтаў і выкладнікаў і ў 2020-м, і ў 2021-м, і працягваюць рабіць гэта сёлета. Адзін з апошніх прыкладаў – затрыманай у пятніцу выкладніцы журфаку БДУ далі 15 содняў арышту. Сілавікі прыйшлі да жанчыны, якая была на бальнічным, дадому, схапілі яе і абвінавацілі ў непадпарадкаванні. Між тым забыць пра рэпрэсіі і перагарнуць старонку не атрымаецца: усе гэтыя злачынствы фіксуюцца і чакаюць справядлівага суда.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі няма ніводнай ВНУ, якая не запляміла сваёй рэпутацыі і сумлення палітычнымі рэпрэсіямі супраць уласных студэнтаў і выкладнікаў. Гэта вынікае са справаздачы «Стан беларускай акадэміі – 2021», якую падрыхтавала Задзіночанне беларускіх студэнтаў у супрацы з грамадскім Балонскім камітэтам. Пры гэтым падлічыць дакладна ўсе выпадкі рэпрэсіяў папросту немагчыма, заўважае адзін з аўтараў справаздачы Максім Зафранскі, бо частка студэнтаў і выкладнікаў імкнуліся пазбегчы публічнасці.

«У асноўным гэта былі адлічэнні студэнтаў, вымовы альбо камусьці псавалі месца пры размеркаванні на практыку. Што датычыць выкладнікаў, то гэта былі менавіта непрацягненне кантрактаў і звальненні ў часе адміністратыўных арыштаў. То бок многія рэпрэсіі адбываліся па-за межамі ўніверсітэтаў, а ўніверсітэт дапамагаў дзяржаве чыніць гэтыя рэпрэсіі», – кажа Зафранскі.

Адна з гераіняў сумнай статыстыкі, якая лягла ў падмурак справаздачы, і адначасова яе суаўтарка – былая студэнтка Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту Маргарыта Шыша. Дзяўчына з’ехала ў Вільню пасля таго, як ейных сяброў затрымалі ў гучнай «справе студэнтаў».

«А потым я даведалася, што я сама з’яўляюся фігуранткай дзвюх крымінальных справаў – ужо калі была тут. І зразумела, што гэта было добрае рашэнне. Але я вельмі сумую па Беларусі», – адзначае Шыша.

Пры гэтым леташнія тэндэнцыі не змяніліся і сёлета, а таму аўтары справаздачы «Стан беларускай акадэміі – 2021» ужо збіраюць матэрыял для наступнага грунтоўнага агляду.

«Рэпрэсіі працягваюцца. Ёсць вельмі шмат звестак з БДУ, што некаторых выкладнікаў звальняюць, вось як літаральна зусім нядаўна. З кімсьці не працягваюць кантракту. І, як мне здаецца, гэтая тэндэнцыя захаваецца», – рэзюмуе Зафранскі.

Прыкметна, што цяперашні дакумент з’явіўся найперш на англійскай мове і быў адпраўлены ў шматлікія міжнародныя арганізацыі. Бо дапамога рэпрэсаваным студэнтам і выкладнікам з Беларусі, канстатуюць аўтары справаздачы, усцяж патрэбная. І, на жаль, яшчэ спатрэбіцца наступным ахвярам рэжыму Лукашэнкі.

Валера Руселік, «Белсат»