Беларусы з размахам адзначылі Дзень роднай мовы


«Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара».

«Родная мова» Пімен Панчанка

Каб мова была вечна жывая, ют’юбер у выгнанні, аўтар праекту «Жыццё-маліна» тры тыдні таму пастанавіў і ў прыватным, і ў працоўным жыцці перайсці на беларускую мову.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Я запыталася ў блогера, што менавіта яго падштурхнула змяніць мысленне з расейскай мовы на беларускую?

«Прыехаў у Вільню – і разумееш: не, мы іншыя. Прыехаў у Польшчу – ты разумееш: не, мы іншыя. Ты прыехаў у Кіеў – таксама мы іншыя. Якія мы? Вось такое пытанне, якое мы вырашаем. Беларуская мова, мне падаецца, дапамагае яго вырашаць. Яна пяшчотная, яна прыгожая, яна такая маляўнічая вельмі. І мы такія павінныя быць», – лічыць блогер Мікіта Мелказёраў.

Пяшчотная і прыгожая беларуская мова гучала ўва ўсім свеце без перапынку цягам содняў! З нагоды Дня роднай мовы адбыўся першы сусветны марафон «24 гадзіны беларускай мовы». Падчас онлайн-сустрэчаў беларусы дзяліліся сваімі ведамі на разнастайныя тэмы, ладзілі тэматычныя гульні, спявалі, чыталі вершы.

Аб’яднала беларусаў свету і агульнабеларуская дыктоўка, тэкст якой сёлета чытаў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

А тыя, хто яшчэ не піша, у Дзень роднай мовы могуць глядзець казкі па-беларуску.

Ёсць у беларусаў і сямейныя забавы па-беларуску – цэлая «Скарбонка гульняў».

Аднаго Дня роднай мовы мала! Купалаўцы абвесцілі цэлы тыдзень, цягам якога ў адкрытым доступе можна глядзець спектаклі па-беларуску. Сёння – апошні дзень бясплатнага ўваходу ў тэатр.

Што яшчэ можна пачытаць, паглядзець ці паслухаць па-беларуску не толькі ў Дзень роднай мовы? Нашая інтэрнэт-рэдакцыя падрыхтавала велізарную падборку рэсурсаў. Штодня па-беларуску і без цэнзуры для вас працуе – незалежны беларускамоўны тэлеканал «Белсат». З Днём роднай мовы!

Вольга Старасціна, «Белсат»