За авіяпірацтва беларускім чыноўнікам і сілавікам пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі


Поўнай лухтой, якая пераходзіць рамкі здаровага сэнсу, назваў адзін з кіраўнікоў «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц абвінавачванне Міністэрства юстыцыі ЗША. Яго і дырэктара кампаніі Леаніда Чуро, а таксама двух супрацоўнікаў спецслужбаў ЗША абвінавачваюць у авіяпірацтве і захопе самалёту кампаніі Ryanair з Раманам Пратасевічам у траўні мінулага году. Ім можа пагражаць ад 20 гадоў да пажыццёвага пазбаўлення волі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністэрства юстыцыі ЗША выставіла абвінавачванне ў змове з мэтаю авіяцыйнага пірацтва кіраўнікам «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро і Алегу Казючыцу, а таксама двум афіцэрам беларускіх спецслужбаў. Адзін з іх фігуруе як «Андрэй Анатольевіч», імя другога не называецца.

«Справа супраць лукашэнкаўскіх чыноўнікаў – гэта вельмі сур’ёзна. Калі не прывядзе да арышту, то паслужыць званочкам для ўсіх наступных, хто падумае, дзе дапамагчы рэжыму, дзе сагнаць самалёт», – заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Абвінавачванне склалі на падставе расследавання ФБР.

«Высокапастаўленыя беларускія службоўцы змовіліся выкарыстаць фальшывую пагрозу бомбы, каб незаконна змяніць маршрут самалёта… з мэтай арышту беларускага дысідэнта», – адзначыла ў прэс-рэлізе Міністэрства юстыцыі ЗША.

Беларускія чыноўнікі абвінавачваюцца ў прымусовай пасадцы ў траўні мінулага года самалёта, у якім быў апазіцыйны журналіст Раман Пратасевіч. Са ста дваццаці шасці пасажыраў самалёта чацвёра былі грамадзянамі ЗША.

«Мы поўныя рашучасці прыцягнуць да адказнасці ключавых удзельнікаў шакавальнай змовы… якія не толькі парушылі міжнародныя нормы і крымінальнае права ЗША, але і патэнцыйна паставілі пад пагрозу жыццё чатырох грамадзянаў ЗША і мноства іншых нявінных пасажыраў», – заявіў федэральны пракурор ЗША Дэмʼян Ўільямз.

Рэйс FR4978 авіякампаніі Ryanair вылецеў з Афінаў 23-га траўня 2021 года а 9.30. Як вынікае з абвінаваўчага заключэння амерыканскіх следчых, прыкладна а дзявятай сорак пяць кіраўнік «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро і невядомы супрацоўнік спецслужбаў увайшлі ў менскі Цэнтр кіравання паветраным рухам.

А 12.30, калі самалёт увайшоў у паветраную прастору Беларусі, экіпажу паведамілі, што самалёт замінаваны. У гэты момант да Вільні заставалася прыкладна 285 кіламетраў, да Менску – 270.

А 12.31 пілоты пытаюць, адкуль інфармацыя. Ад спецслужбаў – адказвае дыспетчар і ў мэтах бяспекі рэкамендуе прызямліцца ў Менску. Дыспетчар паведаміў, што ліст дасланы ў некалькі аэрапортаў.

Уладальнік паштовага сэрвісу Ryanair, з якога прыйшла пагроза, пацвердзіў адпраўку шасці лістоў у аэрапорты Вільні, Афінаў, Сафіі, Бухарэсту, Кіева. У кампаніі пацвердзілі, што шосты ліст прыйшоў у Менск толькі адзін, а 12.56 – праз 26 хвілінаў пасля апавяшчэння пра замінаванне.

А 12.45, пасля паведамлення дыспетчара, што код пагрозы чырвоны (найвышэйшы), самалёт пачаў разварот на Менск. Хаця да Вільні заставалася літаральна некалькі хвілінаў лёту.

Паводле дадзеных амерыканскіх следчых, увесь гэты час афіцэр спецслужбаў заставаўся ў дыспетчарскай і даваў справаздачу свайму начальніку, нейкаму Андрэю Анатольевічу.

Нягледзячы на доказы, Лукашэнка заявіў, што фактаў згону самалёту няма і параіў спусціць справу на тармазах.

«Увесь свет зразумеў, дзе праўда, а дзе хлусня. Цяпер мы ацэньваем са спецыялістамі, будзем звяртацца ў судовыя органы. У нас для гэтага ўсё ёсць. Няхай плацяць за тую шкоду, што яны нанеслі краіне. Не толькі «Белавіі», краіне ў цэлым», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

19 экспертная група Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО), што вяла расследаванне прымусовай пасадкі пасажырскага рэйсу, не змагла ўстанавіць адказнасці пэўных асобаў або дзяржаваў у інцыдэнце. 31-га студзеня арганізацыя вызначыцца з далейшымі дзеяннямі.

Антон Каменскі, «Белсат»