Мігранты дагэтуль намагаюцца перакрочыць еўрапейскія межы. З гэтай нагоды Еўразвяз сабраў канферэнцыю


З непрадказальным суседам Лукашэнкам Еўропе прыходзіцца нялёгка. Неўзабаве – беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні, дагэтуль не залагоджаным застаецца пытанне міграцыйнага крызісу. Яго сёння абмяркоўвалі на канферэнцыі ў Літве з удзелам прадстаўнікоў дваццаці васьмі краінаў і еўрапейскіх агенцтваў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Падчас нашай сустрэчы на мяжы я разам са сваімі калегамі паспрабую азнаёміць вас з сітуацыяй, якая цяпер адбываецца на мяжы, у параўнанні з тым, што было яшчэ некалькі тыдняў або месяцаў таму», – казаў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас.

Літва пад ударам міграцыйнага крызісу апынулася першай. Колькасць ахвочых трапіць у Еўразвяз расла штоночы – дзясяткі, а потым сотні штурмавалі мяжу. Калі плынь перакінулася на Польшчу, у Літве ўжо будавалі агароджу і размяшчалі жаўнераў еўразійскага агенцтва бяспекі межаў «Фронтэкс». Дарэчы, каля дзевяноста яго прадстаўнікоў застануцца ў краіне да 26-га студзеня.

«Восем месяцаў таму Лукашэнка прыгразіў навадніць Еўропу мігрантамі. І мы бачым, што адбываецца цяпер. Гэта гібрыдныя атакі супраць Літвы, супраць усёй Еўропы», – нагада прычыну мігранцкага крызісу міністарка Ўнутраных Справаў Літвы Агне Білатайце.

Калі спачатку Лукашэнка яшчэ неяк спрабаваў хаваць сваю датычнасць да міграцыйнага крызісу, дык, калі ў медыі пачалі паступаць паведамленні пра самалёты з Іраку, маска зусім спала.

А потым нават самым скептыкам стала ўсё ясна, калі па вуліцах беларускіх гарадоў прайшлі эшалоны гасцей з усходу. У выніку гэта скончылася чарговымі санкцыямі, у якія трапілі датычныя да крызісу турфірмы «Цэнтркурорт» і «Оскартур». Яны дапамагалі рабіць візы ды ладзілі еўрапейскія туры праз Беларусь для гасцей з усходу. Разам з імі ў санкцыйным спісе апынуліся гатэлі «Менск» і «Планета», што размяшчалі ў сябе мігрантаў.

Цяпер еўрапейскія межы выглядаюць прыкладна гэтак. Паўсюль калючыя драты, платы ды ўзмоцненая ахова, бо спробы трапіць у Еўразвяз час ад часу працягваюцца. Учора польскую мяжу штурмавалі паўсотні мігрантаў, трынаццаці асобам удалося трапіць у краіну праз заледзянелае возера.

«Я думаю, стрымліваць гэткія нерэгулярныя плыні – найлепшая пазіцыя Еўразвязу. Думаю, у Еўропы мусяць быць дзве мэты: барацьба з кантрабандай – і барацьба з міграцыяй, салідарнасць з дзяржавамі звязу, што сутыкнуліся з міграцыяй», – падсумаваў вынікі сустрэчы міністр Міграцыі Грэцыі Панагётыс Мітаракіс.

Словы грэцкага міністра адлюстроўваюць агульную мэту Еўропы – супольнымі сіламі абараніць сваю частку кантыненту. Тым часам амаль чатыры тысячы іракцаў нядаўна пакінулі Беларусь, у лагістычным цэнтры, паводле падлікаў «Чырвонага крыжу», застаюцца каля сямісот асобаў.

Надзея Бельская, «Белсат»