Кошты на харчаванне ў навучальных установах падвышаюць, але якасць іх не палепшыцца


Ад сёння ў Беларусі змяняюцца кошты на абеды ў садках і школах. Харчаванне павялічыцца ў цане. Што праўда на якасці страваў гэта ніякім чынам не адаб’ецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Нараканні на харчаванне ў школьных сталоўках – справа звыклая, распавяла «Белсату» спадарыня Марына, імя змененае, жыхарка аднаго з абласных гарадоў Беларусі. Яшчэ ў канцы дзевяностых, калі яна працавала настаўніцай, дзеці адмаўляліся ад абедаў.

«Сын кажа, “нясмачна”. Але ён у мяне вельмі пераборлівы – і на тое, што я гатую, можа сказаць “нясмачна”. Хаця гатую з добрых дарагіх прадуктаў. Мне цяжка нешта тут меркаваць. Але з увагі, што сума зусім невялікая, бадай, і складана нешта смачнае згатаваць», – распавядае Марына, маці вучня старэйшых класаў.

Ад сёння кошты на харчаванне ў дзіцячых садках і школах падвышаюцца. Гэтак, грашовая норма за адзін дзень 12-гадзіннай змены для дзяцей ва ўзросце ад года да трох складзе амаль чатыры рублі, да сямі гадоў – каля пяці рублёў. Падаражэла харчаванне для школьнікаў старэйшых класаў – да трох рублёў за двухразовае харчаванне і амаль да чатырох рублёў на трохразовае.

«Цягнулі да апошняй магчымасці, бо не хацелі, каб яно паўплывала на ўзровень інфляцыі ў 2021 годзе, усё ж такі перанеслі на 2022 год. А потым даражэюць усе чыннікі, з якіх складаецца кошт гэтага харчавання. Гэта сапраўды і прадукты, гэта і транспарт, бо даражэе бензін», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Але змена коштаў ніякім чынам не адабʼецца на якасці, што праз тэлефон нашым гледачам пацвердзілі ў Камбінаце школьнага харчавання Менску:

«На гэтыя грошы, можа, дадасца сыр ці мармеладка. Хутчэй за ўсё, будуць дадаваць дзесьці яблык, штосьці такое. Бо мы часам не выходзім на садавіну ў грошах. Таму, думаю, што пачнём даваць садавіну».

Што з якасцю харчавання ў навучальных установах існуюць праблемы, паказала праверка Камітэту дзяржаўнага кантролю ў Віцебскай вобласці. Згодна з ёй, палову ўсіх порцыяў, што дзеці не хочуць есці, выкідаюць. На пачатку навучальнага года загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтру эпідэміялогіі заяўляла пра неабходнасць перапрацаваць меню для навучальных установаў.

«Калі ў рацыёне ёсць нейкая страва, якой дзеці ўпарта не ядуць, значыць, трэба гэтую страву змяняць. З улікам захавання прынцыпаў здаровага харчавання, вядома», – падкрэсліла Ала Малахава, загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў.

У польскай навучальнай сістэме падыход да харчавання дзяцей іншы: з бацькамі загадзя ўзгадняюць наяўнасць у рацыёне пэўных прадуктаў і напояў. Паводле Святланы, у якой польскую школу наведвае дзевяцігадовы сын, месяц комплексных абедаў каштуе ім 100 злотых, гэта каля шасцідзесяці пяці беларускіх рублёў.

«Тут вялікая разнастайнасць. А па-другое, не ведаю як вам патлумачыць, але тут вельмі моцна адрозніваецца кухня. Тут не будуць даваць вам посныя макароны з нейкімі незразумелымі катлетамі, незразумелымі дадаткамі», – зазначае Святлана.

Паводле Камбінату школьнага харчавання, свае заўвагі, прапановы і пажаданні адносна страваў у садках і школах бацькі могуць дасылаць ім на сайт або ў сацыяльныя сеткі.

Марыля Дакуцька, «Белсат»