Як Лукашэнка ажыццявіў дзяржаўны пераварот і пазбегнуў імпічменту


Імем народу – на карысць адной асобы. Ужо тады, усяго праз два гады пасля абрання, першы кіраўнік незалежнай Беларусі не саромеўся выкарыстоўваць незаконныя метады.

«Таго, чаго хацеў Аляксандр Рыгоравіч, ён дабіўся. Тое, што мы называем рэферэндумам, насамрэч ёсць захопам улады прэзідэнтам неканстытуцыйным метадам», – упэўнены Сямён Шарэцкі, старшыня вярхоўнага савету (1996).

Разагнаў парламент і захапіў цэнтрвыбаркам

Каб дасягнуць мэты, Лукашэнка распусціў легітымны Вярхоўны Савет 13-га склікання. А абуранага хадою рэферэндуму 1996-га года кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара папросту вызваліў ад пасады. Ягонае месца заняла (і займае дагэтуль) Лідзія Ярмошына.

«Прававая вакханалія, якая адбывалася вакол рэферэндуму ў апошнія 10 дзён, ужо не ўкладаецца не толькі ў межы дзейнага заканадаўства, але і межы здаровага сэнсу», – казаў тады Віктар Ганчар.

Апаненты сталі знікаць

Праз тры гады пасля гэтай прамовы малады і перспектыўны палітык, апанент Лукашэнкі, знік пры нявысветленых дагэтуль акалічнасцях. Беларусь жа праз тры дні адзначыць 20-годдзе рэферэндуму, які развярнуў маладую дзяржаву са шляху да дэмакратыі ў імітацыю сканалага Савецкага Саюзу.

«Тое, што адбылося, я ўспрымаю як стыхію, як форс-мажор. Гэта павінна было адбыцца. Таму што ідэя прыходу папуліста, які імкнецца да аўтарытарызму, да ўсталявання аўтакратыі, яна проста вітала ў паветры. Гэта – эманацыя масавай свядомасці. Людзі тады стаміліся ад хаосу і разрухі. Яны хацелі цвёрдай улады», – патлумачыла Вольга Абрамава, дэпутатка Вярхоўнага Савету 13-га склікання.

Беларусы прагаласавалі за ката ў меху

Як адбывалася антыканстытуцыйная акцыя 96-га, сёння згадвалі на паседжанні экспертнага клубу «Прафесійна аб актуальным» у офісе Абʼяднанай грамадзянскай партыі. У тым ліку беспасярэднія сведкі тых падзеяў, дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га склікання.

«Чатыры дні датэрміновага галасавання ўжо прайшлі, а на выбарчыя ўчасткі яшчэ не паступіў тэкст Канстытуцыі, за якую людзі галасавалі. І ён не быў апублікаваны. Людзі галасавалі за ката ў меху. Не кажучы ўжо пра тое, што альтэрнатыўны праект Канстытуцыі – ён увогуле не зʼявіўся ў друку да самага канца галасавання», – распавёў Сяргей Калякін.

Вынік – узурпацыя ўлады

У выніку рэферэндуму 96-га года была змененая Канстытуцыя, а ўлада ў краіне цалкам сканцэнтравалася ў руках Лукашэнкі. У абыход рашэння Канстытуцыйнага суда і Вярхоўнага Савету. Ды без аглядкі на абвінавачанні ў фальсіфікацыі вынікаў.

Таксама ў выніку плебісцыту, сярод іншага, захавалі смяротнае пакаранне і адмовіліся ад прыватнай уласнасці на зямлю.

Наступствы вельмі небяспечныя

«Гэтыя праблемы, сацыяльнага, эканамічнага характару, праблемы правоў чалавека, яны накопліваюцца, іх становіцца ўсё больш. Вырашыць іх, як мне здаецца, сённяшняя ўлада не ў сіле», – мяркуе Мечыслаў Грыб, старшыня Вярхоўнага Савету (1994–1996).

Захаваць краіну для сябе і будучых пакаленняў, а значыць – супрацьстаяць дыктатуры. Былы кандыдат на прэзідэнцтва ды палітвязень Мікола Статкевіч заклікае беларусаў у гадавіну рэферэндуму 96-га года, 24-га лістапада, выйсці на мітынг. Пачатак акцыі запланаваны на 18-ю гадзіну на плошчы Свабоды ў сталіцы.

Лола Бурыева, «Белсат»