Як абыходзіліся з мігрантамі ў Беларусі


Беглы польскі жаўнер Эміль Чэчка папрасіў палітычны прытулак у Беларусі. Адпаведная заява ўжо паступіла ў Дэпартамент грамадзянства і міграцыі МУС нашае краіны. Тым часам польскія спецслужбы паведамілі пра затрыманне ісламскага радыкала, які пад выглядам мігранта прыйшоў з Беларусі. Сітуацыя на мяжы застаецца напружаная. Абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў катаваннях і нават забойствах мігрантаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Білі і катавалі, цкавалі сабакамі, рабавалі і ўсяляк здзекаваліся. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» апублікавала справаздачу, прысвечаную жорсткаму абыходжанню, з якім сутыкнуліся мігранты ў Беларусі.

«Беларускія сілавікі збівалі дручкамі і прыкладамі, а таксама цкавалі сабакамі людзей, у тым ліку сем’і з дзецьмі, якія часта маюць патрэбу ў неадкладнай дапамозе, а таксама прымушалі неаднаразова пераходзіць мяжу ў небяспечных з абодвух бакоў мяжы ўмовах, а таксама праз хуткаплынную раку», – адзначаецца ў дакуменце.

У часе рыхтавання справаздачы праваабаронцы з «Amnesty International» апыталі 75 асобаў, якіх у перыяд з ліпеня да лістапада сёлета завабілі ў Беларусь абяцаннямі лёгкага пераходу на тэрыторыю Еўразвязу. З улікам сямейнікаў агульная колькасць апытаных склала 192 асобы. Сведчанні мігрантаў супадаюць з тымі, якія запісаў у Іракскім Курдыстане і паказаў у эфіры наш тэлеканал.

Вось некаторыя са сведчанняў:

«Мы спрабавалі дабрацца да пунктаў пераходу праз праваднікоў-кантрабандыстаў. Але беларускія сілавікі лавілі нас і збівалі. Тады мы пастанавілі далучыцца да вялікага намётавага мястэчка, каб разам з усімі дабрацца да мяжы з Літвою. Яны нас прымушалі, пырскалі пярцовым газам у вочы. Яны яшчэ мелі металічныя кастэты, то білі нас імі».

«Беларускія сілавікі каля Берасця вельмі дрэнна абыходзіліся з намі. Стралялі па нас пластыкавымі кулямі. Яны білі нас кастэтамі і драўлянымі дубцамі. Цяпер у мяне баляць грудзі: боль застаўся, бо яны білі мяне нагамі».

«Мяне дэпартавалі. Я маю відэа. Яны білі мяне, ужылі нават электрашокер. Яны нават не зрабілі тэсту на каронавірус. Яны сілаю мяне дэпартавалі».

Тым часам, нібы прадчуваючы, напярэдадні публікацыі справаздачы «Amnesty International» Генеральная пракуратура Беларусі выступіла з заяваю, змест якой можна пераказаць літаральна двума словамі: «Сам дурань!». Маўляў, гэта не беларускія, а польскія сілавікі катавалі мігрантаў, якія ўсё-ткі здолелі перайсці мяжу. Свае абвінавачанні сілавікі Лукашэнкі нават аформілі ў крымінальную справу, матэрыялы якой – ажно ў пяці тамах – збіраюцца перадаць у міжнародныя структуры.

«Падкрэслю, што ўцекачы неаднаразова і публічна заяўлялі пра свой статус, мэты і маршрут у Нямеччыну, пра што дакладна вядома ўладам Польшчы. Нягледзячы на гэта, польскія сілавікі ў дачыненні мірных і бяззбройных людзей, у тым ліку ўначы, ужывалі катаванні ды іншыя акты жорсткасці, спецсродкі, атрутныя рэчывы, асвятленне, якое слепіць зрок, дэманстрацыйныя стрэлы ў паветра і выбухі, фізічную сілу», – заявіў генпракурор Беларусі Андрэй Швед.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мігранты на беларуска-польскай мяжы.
Фота: Polish Defence Ministry / Reuters / Forum

Адначасова з Генпракуратурай тэму нібыта зверстваў польскіх сілавікоў у дачыненні мігрантаў актыўна раскручвае і афіцыйная прапаганда Лукашэнкі. У эпіцэнтры медыйнай атакі – сведчанні польскага жаўнера Эміля Чэчкі, які тры дні таму дэзертаваў на тэрыторыю нашай краіны. Паводле Чэчкі, і ягоныя суайчыннікі, і ён сам сістэматычна бралі ўдзел не толькі ў катаваннях, але і масавых расстрэлах як мігрантаў, гэтак і… польскіх валанцёраў на мяжы.

«У аднолькавай ступені ён гаворыць цалкам паралельна пра злоўжыванне алкаголем і пра тое, што ў яго забралі правы. І на гэткім сама ўзроўні ён распавядае, што памежнікі забівалі мігрантаў, закопвалі, расстрэльвалі: то бок у яго няма дамінанты! Няма моцнага эмацыйнага падтэксту, што яго ўразіла найбольш, чаму ж ён усё-ткі ўцёк», – тлумачыць свой недавер да паказанняў псіхолаг Ала Марціновіч.

Паводле ж польскага боку, Эміль Чэчка не толькі мог мець псіхічныя разлады, але і нават шпіёніць на карысць рэжыму Лукашэнкі, а таму веры ягоным сведчанням няма. На шматлікія нестыкоўкі ў выказваннях дэзерціра звяртаюць увагу і адмыслоўцы ў пытаннях тэрарызму.

«Напрыклад, ён кажа пра расстрэл валанцёраў. Мушу звярнуць увагу, што валанцёры перамяшчаюцца і працуюць групамі. І ніхто з гэткіх групаў дасюль не паведаміў, што хтосьці з валанцёраў знік ці з ім нешта здарылася. Ці што ў яго хтосьці страляў са службаў на мяжы», – адзначае эксперт Цэнтру даследавання тэрарызму Collegium Civitas Анджэй Мрочэк.

Тым часам афіцыйны Менск на гэткіх сурʼёзных абвінавачаннях заходніх суседзяў не спыняецца. Генпракуратура Беларусі ўсчала яшчэ адну крымінальную справу супраць Польшчы – за прапаганду вайны і тэрытарыяльныя замахі на беларускую тэрыторыю.

Валера Руселік, «Белсат»