Колькасць палітычна асуджаных расце


Судовы працэс над палітзняволенай Вольгай Такарчук распачаўся 16 снежня. Яе вінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак; паклёп і абраза суддзі. У Вольгі – двое непаўналетніх дзяцей. Да вызвалення маці яны застануцца на выхаванні ў бабулі і дзядулі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Як бы гэта ні страшна прагучала. Таму што мы з вамі жывем у перавернутай рэальнасці – гэта відавочна. Гэта такі мяккі прысуд. З улікам таго, што шмат месяцаў Воля правяла ў СІЗА, то зыходзячы з таго, што 18 месяцаў калоніі – прысуд суда, то 10,5 пры пераліку яна ўжо адседзела», – каментуе вырак палітычная блогерка Таццяна Мартынава.

Вольга вядомая сваёй актыўнай грамадскай пазіцыяй: удзельнічала ў маршах пратэсту і вяла канал на YouTube, дзе каментавала паслявыбарчыя падзеі. Паводле Следчага камітэту, у адным з відэаролікаў была размешчаная інфармацыя, якая нібыта ўтрымлівала лжывыя звесткі ў дачыненні сацыяльнага педагога адной з гімназіяў Берасцейскай вобласці (супрацоўніка выбарчай камісіі), а таксама абразу суддзі Першамайскага раёну Менску.

А тым часам распачаўся суд над палітвязнем Ягорам Дуднікавым. 21-гадовага грамадзяніна Расеі абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: распальванне варожасці і заклікі да прычынення шкоды Рэспубліцы Беларусь. Паводле Следчага камітэту, малады чалавек нібыта быў адным з адмінаў тэлеграм-каналу «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі» і размясціў там не менш за 55 паведамленняў.

«Я далёкі ад думкі, што дзеля Ягора Дуднікава, хаця ён і грамадзянін Расейскай Федэрацыі, будуць рабіцца нейкія дыпламатычныя, палітычныя крокі для паляпшэння яго становішча. Таму што яго абвінавачваюць тут у тым, з чым улады змагаюцца і ў Расеі: з іншадумствам, свабодай слова», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Не выйшаў на волю пасля паўтарагадовага ўтрымання пад вартаю сын Віктара Бабарыкі Эдуард. Яго цяпер падазраюць у распальванні сацыяльнай варожасці і арганізацыі масавых беспарадкаў. Эдуарду пагражае да 20 гадоў зняволення.

«Гэта дастаткова дзяжурнае абвінавачанне. Наколькі абгрунтаванае гэтае абвінавачванне – наўрад ці можна меркаваць, не ведаючы абставінаў справы. Трэба мець на ўвазе, што прайшоў ужо больш за год з пачатку тых дзеянняў, якія ўлады называюць «масавымі беспарадкамі». І я так падазраю, што калі б рэальныя падставы падазраваць і тым больш абвінавачваць Эдуарда Бабарыку ў гэтых дзеяннях былі, то яны б з’явіліся не ў снежні 2021 года», – лічыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

А тым часам выставілі абвінавачванне таксама грамадзянцы Расеі Сафіі Сапезе, якую ў траўні разам з блогерам Раманам Пратасевічам знялі з прымусова пасаджанага ў Менску самалёта кампаніі «Ryanair». Яе збіраюцца судзіць ажно паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Наста Печанькова, «Белсат»