Арганізатар партызанскіх акцыяў: мы павінны нешта рабіць


Ужо больш за год няма вулічных маршаў і дваровых канцэртаў, за белы аркуш на шыбе ці свечку на падаконні можна атрымаць рэальны тэрмін за кратамі, але супраціў рэжыму не спыняецца. Акцыі сталі па-сапраўднаму партызанскімі, але ад гэтага не менш яскравымі. Вядома, распавядаць пра іх арганізатары пагаджаюцца толькі на ўмовах ананімнасці, як пра акцыю з лістамі даносчыкам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта быў выдатны тролінг і напамін пра сумленне гэтым здраднікам свайго народу. Актывісты змаглі зрабіць поўную імітацыю лістоў ад беларускай міліцыі і папрасілі прыйсці ўсіх гэтых людзей у адзін час у РАУС для атрымання ўзнагароды за даносы памерам 150 рублёў, калі я не памыляюся», – распавядае адзін з арганізатараў партызанскіх акцыяў.

Паводле арганізатараў, некаторыя з даносчыкаў, інфармацыю пра якіх узялі з базы кіберпартызанаў, паверылі тролінгу і прыйшлі па ўзнагароды.

Цяпер актывісты ладзяць акцыю «Лісты нашым». Для яе правядзення стварылі адмысловы бот @pismanashimbot з імёнамі палітвязняў. Задача бота – размяркоўваць адрасы палітзняволеных паміж тымі, хто хоча падтрымаць іх, каб кожны адчуў салідарнасць і атрымаў віншаванне з Новым годам.

«Такія паштоўкі і лісты вельмі моцна падтрымліваюць людзей за кратамі, дапамагаюць ім не зламацца, і нават гэта падтрымлівае і тых, хто адпраўляе лісты, таму што адказы ад нашых герояў вельмі моцныя і таксама падтрымліваюць нас не здавацца», – кажа актывіст.

Пры адсутнасці свабоды слова і свабоды медыяў кожная акцыя, што паказвае сапраўдны настрой людзей, надзвычай патрэбная, мяркуюць арганізатары:

«Мы павінны нешта рабіць, ці мы – ці Лукашэнка. Гэта ж невыносна – тое, што адбываецца цяпер у краіне, гэта фашызм, акупацыя, знішчэнне беларускага народу, а з акупантамі трэба змагацца дзеля нас і нашых дзяцей».

Што беларусы не здаюцца, мы бачым і з нашай пошты. У нашыя сацсеткі штодня прыходзяць дзясяткі фотаздымкаў і відэа з ананімнымі акцыямі ў розных кутках Беларусі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»