Як жывуць украінцы ва ўкрыцці


«На кожным паверсе ёсць адказны чалавек, які адказвае за пацыентаў, за эвакуацыю. І на працягу 5–7 хвілінаў уся радзільня спускаецца сюды», – распавядае намесніца дырэктара радзільні ў справе медчасткі Алена Ярашчук.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Намеснік дырэктара адной з кіеўскіх радзільняў паказвае сховішча, куды спускаюцца і пацыенткі, і супрацоўнікі – як толькі гучыць сігнал трывогі. Тут ёсць абсталяваная аперацыйная палата – калі трэба правесці роды або размясціць пацыентку пасля аперацыі, а таксама лавачкі і ляжачыя месцы.

«Сюды спускаюцца парадзіхі або пасляаперацыйныя пацыенты, якія не могуць сядзець ці хочуць паляжаць. І мы тут іх размяшчаем. Насамрэч, у нас вельмі шмат парадзіх з татамі, і тут яны ляжаць: тата, мама і дзіця. Апошнія некалькі дзён мы тут і снедалі, і абедалі, і вячэралі», – працягвае Алена Ярашчук.

У адміністрацыі кажуць: вясною, пасля 24 лютага, пацыенты і працаўнікі тут практычна жылі.

«Былі такія сітуацыі, што мы прапануем спусціцца кожны раз пры трывозе, а чалавек для сябе вызначае, хоча ён спускацца ці не. Спускаліся 20–30 %, часам 50. Калі ў Кіеў нешта прылятала, 2–3 дні спускаліся ўсе, з часам забывалася. Цяпер з панядзелка, калі па Кіеве была нанесеная масаваная ракетная атака, спускаюцца ўсе», – узгадвае Алена Ярашчук.

Пацыентка радзільні Альбіна нядаўна прыехала ў Кіеў з Херсону. І трапіла ў медустанову 10 кастрычніка, калі ў Кіеў прыляцелі расейскія ракеты:

«Месяц таму пераехала толькі. Складана, ведаеце, але калі трэба, ты ж ужо не толькі за сваё жыццё адказваеш, а і за яшчэ адну маленькую ўкраіначку на гэтай зямлі. Таму ты ўжо спускаешся, нягледзячы на тое, што табе гэта складана. Прыстасоўваемся да тых умоваў, да якіх нас вымусілі нашыя суседзі, так бы мовіць, у двукоссі».

Клапоцяцца не толькі пра нованароджаных пацыентаў, але і пра пажылых. Падобныя хованкі абсталяваны, напрыклад, і ў гэтым хоспісе. Большая частка ложкаў занятая тут пацыентамі з анкалагічнымі хваробамі на тэрмінальных стадыях. Часта гэта людзі ва ўзросце.

«90 адсоткаў – гэта хворыя на рак, якія маюць патрэбу ў адэкватным абязбольванні і сястрынскім доглядзе. Калі хворы сам можа спусціцца, ён ідзе сваёй хадой, для яго адмысловыя лаўкі ёсць. Калі на вазку, то давозім і спускаем іх уніз. Ляжачых хворых – на насілках праз вуліцу мы спускаем праз запасны выхад», – паведамляе дырэктар аддзялення паліятыўнай дапамогі Фёдар Усцінчэнка.

Акрамя таго, каля некалькіх ложкаў у хованцы ўсталяваны кіслародны канцэнтратар – для пацыентаў, якія самастойна дыхаць не могуць.

«Гэта кіслародны канцэнтратар, які мы выкарыстоўваем для кіслароднага падтрымання людзей, якія кіслародазалежныя. Яны бываюць двух відаў: для двух хворых адначасова або для аднаго», – распавядае старэйшая медсястра аддзялення паліятыўнай дапамогі Людміла Крыжаноўская.

Пацыентка хоспісу Любоў дзеліцца:

«Вядома, страшна. Але тут такія людзі працуюць, што нястрашна. Бо яны – як пчолкі».

Таксама хованкі, паводле міністра адукацыі, ёсць і ў 70 адсотках украінскіх школаў, што дазваляе праводзіць заняткі за партамі падчас паветраных трывог.

Марына Ступак і Сяргей Калодзій, «Белсат»