Лукашэнка дазволіў цэнам расці. Але пад кантролем


Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці сабраў сваіх міністраў. Размаўляць збіраліся пра Усебеларускі народны сход і змяненні ў выбарчае заканадаўства, але нават пул гэтак званага першага здзівіўся: самаабвешчаны кіраўнік пачаў з іншай тэмы. Замарожванне цэнаў скончылася, прыйшоў час кантролю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Тлушчу хапала, вы чулі, як усплёснула ва ўрадзе ў лютым месяцы, і гэты ўсплёск так і застаўся. І да гэтага ўсплёску ў 9 % дадалося яшчэ 8. Што яшчэ трэба? Рост цэнаў. Што яшчэ трэба?», – абурыўся высокай інфляцыяй Лукашэнка.

Сістэму новага рэгулявання цэнаў прэзентаваў урад. Гэтак, вытворцы цяпер мусяць узгадняць любое падвышэнне коштаў з чыноўнікамі, аблвыканкамам або Менгарвыканкамам у залежнасці ад месца рэгістрацыі. Для імпарцёраў увялі абмежаванні на надбаўкі да цэнаў. Абмежавалі і бартарныя ўгоды, то бок абмен тавараў на іншыя тавары ці паслугі. А выплаты, якія спрыялі б прасоўванню тавараў на рынку, увогуле забаранілі.

«Рэгуляванне паводле гэтага дакументу распаўсюджваецца на 370 таварных групаў, то бок практычна на ўвесь спажывецкі кошык, які па сваёй сутнасці ахоплівае больш за 90 % тавараў, якія набывае насельніцтва нашай краіны», – паведаміў падчас прэс-канферэнцыі намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.

Не распаўсюджваецца пастанова на аказанне паслугаў, але гэта таму, што цэны на іх у большасці выпадкаў дзяржава кантралюе і так, паводле іншых дакументаў. А якое меркаванне эканамістаў адносна новай пастановы?

«Гэта суцэльная параза тых, хто хацеў кінуць выклік асновам эканомікі і замяніць тое, што мы, эканамісты, называем нябачнаю рукою рынку, на тое, што бліжэй да іх, – амапаўскі дручок. На жаль для іх, сістэма цывілізаванай эканомікі так не працуе», – кажа эканаміст Віталь Алейнік.

Чаму ж Лукашэнка адступіў ад тактыкі «цэны, стоп!»? Можа, спалохаўся, што правяранні і крымінальныя справы, заведзеныя на гандляроў, выклічуць пратэсты? Жаданне кіраваць цэнамі было ў самапрызначанага кіраўніка заўжды – падсумоўвае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«Першае, натуральна, гэта папулізм. Ён лічыць, што народу гэта падабаецца, асабліва сацыяльна неабароненыя і больш сталыя людзі, пенсіянеры захапляюцца, ён так лічыць, калі ён спрабуе спыніць цэны. А другое – ягонае стаўленне да эканомікі. Такое савецкае, што эканомікай можна кіраваць».

Да якога ж выніку прывядзе тактыка Лукашэнкі ў стрымліванні цэнаў?

Віталь Алейнік ўпэўнены: «Варта чакаць дэфіцыту і з’яўлення чорнага рынку пры пэўных умовах. Тавары будуць вывозіць туды, дзе цэны вышэйшыя, напрыклад, у Расею. Бізнес будзе працягваць рэлакавацца ці ў краіны Захаду, ці ў той жа Казахстан, Грузію.

Паводле эканаміста, новая пастанова можа паўплываць не толькі на рост цэнаў, але і на пашырэнне карупцыі. Дакумент можа стаць спакусаю для чыноўнікаў, якія маюць права рэгуляваць цэны. І тады Лукашэнку трэба будзе кантраляваць не народ, а ўрад.

Алесь Яшчанка, «Белсат»