«Для мяне відавочна, што Вераніка Чаркасава была забітая за праведзеныя ёю расследаванні»


Цела журналісткі з мноствам нажавых раненняў знайшлі ў ейнай кватэры сын і айчым. Яны і сталіся асноўнымі падазраванымі ў забойстве. Іншых версіяў, акрамя побытавай, следства нават не разглядала.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Для мяне цалкам відавочна, што Вераніка Чаркасава была забітая за праведзеныя ёю расследаванні», – лічыць галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Наталля Радзіна.

«Яна расследавала дастаткова сур’ёзныя тэмы, у прыватнасці гандаль беларускага рэжыму з рэжымам Садама Хусэйна ў Іраку. За гэты рэжым мог паплаціцца сурʼёзнымі эканамічнымі санкцыямі з боку ЗША».

Самае страшнае, што забойства Веранікі Чаркасавай далёка не адзінкавы выпадак неадназначнай смерці журналіста ў сучаснай гісторыі Беларусі. Паплечнікі не вераць у версію следства пра самагубства журналіста Алега Бябеніна. Як і ў выпадковую смерць карэспандэнта Васіля Гароднікава. Быў скрадзены і знік без вестак Дзмітрый Завадскі, а ягоны даўні калега і сябар, расследавальнік Павел Шарамет, загінуў у Кіеве пасля дэтанацыі закладзенай кілерамі выбухоўкі. Сярод версіяў разглядалі і беларускі след у замове забойства. Да таго ж мноства журналістаў памерла як быццам з натуральных прычынаў.

«Нам трэба будзе расследаваць вельмі шмат дзіўных смерцяў і забойстваў. Вялікая колькасць журналістаў загінулі або раптоўна захварэлі і памерлі за час кіравання Лукашэнкі. Я не выключаю, што супраць іх выкарыстоўваліся нейкія рэчывы, каб людзі паміралі і медыі заставаліся без кіраўнікоў-журналістаў», – зазначае спадарыня Радзіна.

У сённяшняй Беларусі рэпрэсіі ў дачыненні журналістаў працягваюцца – 32 працаўнікі медыя знаходзяцца ў турмах за сваю прафесійную дзейнасць. Сярод іх журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзелу рэкламы выдання Андрэй Скурко, журналістка TVP Ірына Слаўнікава, журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын, гендырэктарка БелаПАН Ірына Леўшына, галоўная рэдактарка «Тут.бай» Марына Золатава. Амаль усе незалежныя медыі разгромленыя і вымушаныя былі зʼехаць з краіны, бо іх прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Агулам Беларуская асацыяцыя журналістаў з 2020 года налічыла больш за 600 выпадкаў пераследу. У гэты лік уваходзяць затрыманні, збіццё, завядзенне адміністратыўных і крымінальных справаў супраць журналістаў, кажа прадстаўнік БАЖ Барыс Гарэцкі.

«Ты не ведаеш за які матэрыял, за якое расследаванне цябе прыцягнуць да адказнасці. Тыя расправы, што адбываюцца зараз, гэта проста зачыстка людзей, якія маюць дачыненне да журналістыкі. Мы дакаціліся, на жаль, да сітуацыі, калі за выхад у эфір таго ці іншага медыя людзей саджаюць за краты».

Забойцы журналісткі Веранікі Чаркасавай не знойдзеныя дагэтуль. Аднак у журналісцкай супольнасці ёсць надзея, што з падзеннем дзейснага рэжыму расследаванне гэтай ды іншых рэзанансных справаў удасца зрушыць з месца.

Ян Федаровіч, «Белсат»