Не могуць даказаць віну, таму прыпісваюць удзел у экстрэмісцкім фармаванні


Міністэрства ўнутраных справаў прызнала тэлеграм-канал і чат «Дружины народной самообороны» экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта ўжо чацверты рэсурс, які займеў такі статус. Дагэтуль каналы і нават медыйныя рэсурсы масава ўносілі ў спіс экстрэмісцкіх. У шэрагу першых экстрэмісцкім сродкам масавай інфармацыі прызналі «Белсат».

«Маючы мэту знішчыць увогуле любое свабоднае слова ў Беларусі, улады запісваюць у экстрэмісты пачкамі. Таму, па вялікім рахунку, мне падаецца, што асабліва моцнага ўплыву на нас гэта не зрабіла», – распавядае намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» прынялі ў Беларусі яшчэ ў 2007 годзе. Са словаў юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, гэта быў цалкам натуральны працэс у сувязі з пагрозаю тэрарыстычных замахаў. Аднак у міжнароднай практыцы такія акты прымаюцца ў дачыненні ґвалтоўнага экстрэмізму. У нашай жа краіне закон праследуе зусім іншыя мэты.

«Паняцце «экстрэмізм» сталі выкарыстоўваць як сродак барацьбы не з праяўленнем гвалту і гвалтоўных дзеянняў, за якімі ідуць тэрарыстычныя дзеянні, а для пераследу іншадумства», – зазначае Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна».

Пакаранне паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў – штраф, арышт ці пазбаўленне волі да 7 гадоў. Сёння 7 содняў арышту атрымаў актывіст Аляксей Панамароў з Полацку за перадрук у сацсетцы «УКантакце» матэрыялу са старонкі нашага тэлеканалу. А ў Гомлі зліквідавалі фонд «Разам тут», які дапамагаў людзям з інваліднасцю.

«Самая галоўная прычына, як указана, што Андрэй падтрымаў заклік Каардынацыйнай рады пра нязгоду з выбарамі. Гэта было апублікавана 18 жніўня 2020 года на інтэрнэт-сайце «Флагшток», – падкрэслівае Алеся Бардухаева-Арол, сузаснавальніца фонду «Разам тут».

У кастрычніку гэтага года Савет Міністраў прыняў пастанову, якая пашырыла магчымасці пераследу ўжо цэлых супольнасцяў.

«Указаная пастанова рэгламентуе парадак устанаўлення экстрэмісцкімі фармаваннямі тых грамадзянаў, якія аб’ядналіся разнастайным чынам, у тым ліку праз выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў, з мэтай стварэння экстрэмісцкіх матэрыялаў, папулярызацыі і распаўсюду, а таксама ажыццяўлення іншай дзейнасці, скіраванай на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы нашай дзяржавы», – каментуе начальнік аддзелу ГУБАЗіКу Вячаслаў Арлоўскі.

Гэты крок прывядзе да большай колькасці затрыманняў і прыцягнення да адказнасці.

«Такая адказнасць прадугледжаная толькі для таго, каб можна было рэпрэсаваць як мага большую колькасць людзей, чыю віну ў здзяйсненні рэальных злачынстваў устанавіць і даказаць немагчыма. А гэта найчасцей сведчыць пра тое, што людзі не вінаватыя», – мяркуе праваабаронца Павел Сапелка.

Максімальнае пакаранне за стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці кіраванне ім пры ўмовах паўторнага парушэння адпаведнага артыкулу Крымінальнага кодэксу прадугледжвае тэрмін зняволення да 10 гадоў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»