На польска-нямецкай мяжы могуць з’явіцца сумесныя патрулі паліцыі


Нямецкі міністр унутраных справаў, які агучыў прапанову, падкрэслівае, што мяжу між дзвюма дзяржавамі Шэнгенскай зоны ніхто закрываць не збіраецца. Рашэнне праблемы ў Берліне бачаць, сярод іншага, у мацнейшых санкцыях.

Колькасць мігрантаў, якія нелегальна трапілі ў Нямеччыну праз Польшчу, вырасла лавінападобна, пачынаючы са жніўня. Як паведамляе федэральная паліцыя, толькі ў кастрычніку гэта было 3 тысячы парушальнікаў межаў, агулам са жніўня – 4 з паловаю тысячы. І абсалютная большасць прыбыла праз Беларусь. Усю адказнасць за арганізаваную масавую нелегальную міграцыю праз нашую краіну міністр унутраных справаў Нямеччыны Горст Зээргофэр ускладвае на Лукашэнку і ягоных саюзнікаў:

«Я не магу ўявіць, і ніхто ў Кабінеце міністраў мне не пярэчыць, што беларускі рэжым можа рабіць гэта ўсё як мінімум без падтрымкі ці ўхвалення з Масквы. Мы цяпер бачым шмат рэгіёнаў, дзе Масква больш арыентаваная на канфлікты, чым на згоду».

Нямецкі міністр у адмысловым лісце ў Варшаву прапанаваў зладзіць супольныя нямецка-польскія патрулі для затрымання кантрабандыстаў і выяўлення незаконных пранікненняў у Нямеччыну. Мяжу з Польшчаю Берлін закрываць не збіраецца. Мігранты – пераважна грамадзяне Іраку і Сірыі – едуць у Нямеччыну на легкавых і грузавых аўтамабілях, і часам гэта небяспечна для жыцця. Пазаўчора ў Заходняй Польшчы разбіўся грузавік, у якім былі два дзясяткі мігрантаў.

«Як мы можам перадухіліць яшчэ большае пашырэнне другаснай міграцыі, калі людзі, што ўжо атрымалі абарону, усё роўна перамяшчаюцца па Еўропе? Нават тыя, хто ўжо атрымаў статус прэтэндэнта на прытулак, едуць далей, каб падаць прашэнне аб прытулку яшчэ дзесьці», – заявіў федэральны міністр унутраных справаў.

Толькі за аўторак польская памежная служба перадухіліла больш за 400 спробаў нелегальнага пераходу мяжы з беларускай тэрыторыі. Відэа аднаго з прарываў апублікаваў Беларускі памежны камітэт пад назвай «Шакавальныя кадры збіцця бежанцаў з Афганістану польскімі сілавікамі».

На відэа бачна, як мігранты бярвеннем ломяць агароджу, збудаваную на польскім баку. Потым усе разам спрабуюць перайсці мяжу, польскія вайскоўцы затрымліваюць іх, кладуць на зямлю са скутымі рукамі, а частку адганяюць назад слезацечным газам.

Таксама сёння польскія памежнікі знайшлі мёртвага мігранта, які спрабаваў пераплыць памежную раку Буг, але патануў.

Аднак памежнікам удалося выратаваць жыццё нованароджанага немаўляці.

«Памежнікі знайшлі ў групе мігрантаў з Іраку жанчыну, якая толькі што нарадзіла. Мы адразу выклікалі медычных ратавальнікаў, і памежнікі павезлі службовым аўтамабілем дзіця разам з маці ды бацькам насустрач машыне хуткай дапамогі», – распавяла прадстаўніца Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска.

Мяжу з Беларуссю ахоўваюць ужо 6 тысячаў польскіх жаўнераў. З прычыны злачынных дзеянняў рэжыму Лукашэнкі, пытанне бяспекі выходзіць на першы план у стасунках Польшчы з суседзямі па Еўразвязе, заявіў сёння адказны шэф Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Павэл Солах:

«На сёння Польшча мае дастаткова сродкаў, каб абараняць мяжу. Чаго мы чакаем – перадусім палітычнай дапамогі з боку Еўразвязу ў справе агульнай міграцыйнай палітыкі, агульнай абароны знешніх межаў і ў пытанні санкцыяў супраць беларускаму рэжыму».

Напярэдадні шэраг беларускіх і расейскіх медыяў, як дзяржаўных, так і незалежных, напісалі, што Бельгія нібыта хоча змякчыць санкцыі супраць «Беларуськалію». Але загалоўкі кшталту «Краіны Еўразвязу хочуць зняць санкцыі», мякка кажучы, не адпавядаюць рэчаіснасці, тлумачаць эксперты. Бо публікацыі ў прэсе кажуць не пра афіцыйную дзяржаўную пазіцыю, а пра ліст некалькіх бельгійскіх дыпламатаў, які нейкім чынам трапіў да журналістаў.

«Рэжым вельмі любіць блефаваць і звяртацца да сваіх лабістаў, якія агучваюць нейкія рэчы, якія пасля, як мы маглі пабачыць, не з’яўляюцца тым, чым падаюцца на пачатку», – патлумачыў аналітык ISANS Сяргей Харытонаў у жывым эфіры Студыі «Белсат» 19 кастрычніка.

Заўтра і паслязаўтра менавіта ў бельгійскай сталіцы пройдзе Еўрапейская Рада – саміт кіраўнікоў дзяржаваў Еўразвязу, дзе, сярод іншага, разгледзяць і новы пакет санкцыяў. Вядома, што абмежаванні могуць закрануць дзяржаўную кампанію «Белавія», якая можа застацца без новых самалётаў, тэхабслугоўвання і стыковачных рэйсаў.

А Злучаныя Штаты не толькі рыхтуюць мацнейшыя санкцыі супраць Лукашэнкі ды ягонага атачэння, але і заахвочваюць саюзнікаў выступаць агульным фронтам. Камітэт замежных дачыненняў амерыканскага Сенату прыняў рэзалюцыю з заклікам максімальна ціснуць на Лукашэнку, каб той спыніў рэпрэсіі ды катаванні, а таксама выкарыстанне мігрантаў у агрэсіўных мэтах.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»