«Тэму забойства ні на кога не скінеш». Памёр былы начальнік Валадаркі Алег Алкаеў

«Я займаюся выключна лакальнай праблемай, якая прывяла мяне да эміграцыі. Гэта лёсы зніклых людзей, цяпер можна сказаць – забітых». Не стала Алега Алкаева – чалавека, які больш за дваццаць гадоў жыцця прысвяціў справе зніклых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. У былога начальніка Валадаркі, як мяркуецца, спынілася сэрца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Алкаеў пасадзіў на лаву падсудных беларускі рэжым. Гэта галоўны вынік. Ну яшчэ ён знайшоў, што называецца, Аляксандраву пяту. Вось гэтае слабое месца. Бо гэтыя гучныя справы – яны былі першымі, што пачало руйнаваць рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі», – кажа Анатоль Лябедзька, былы дэпутат Вярхоўнага Савету.

Пасля звальнення з пасады кіраўніка сумнавядомага СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе трымаюць асуджаных на расстрэл вязняў, Алкаеў з’ехаў у Нямеччыну. Там атрымаў палітычны прытулак. У эміграцыі ён напісаў кнігу «Расстрэльная каманда» – унікальныя сведчанні аб працэдуры выканання смяротнай кары ў Беларусі.

«Я, напрыклад, прыхільнік таго, каб гэтае злачынства расследавалі дзейныя ўлады. Як гэта было 22 лістапада 2000 года, калі быў арыштаваны Паўлічэнка», – казаў Алег Алкаеў у 2011 годзе.

Камандзір САХР Дзмітрый Паўлічэнка, якога называюць галоўным арганізатарам палітычных забойстваў і кіраўніком «эскадронаў смерці», быў неўзабаве вызвалены згодна з загадам Лукашэнкі. Тагачасны кіраўнік СІЗА на Валадарскага Алег Алкаеў асабіста на загад міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова выдаваў расстрэльны пісталет Паўлічэнку, пра што падрабязней Алкаеў літаральна за тыдзень да сваёй смерці распавёў «Белсату»:

«Быў пісталет Макарава, потым наган таксама быў. Агулам было тры пісталеты. А выдаваў я зброю першы раз паводле пісьмовага загаду міністра. А вось другі раз – на вусны загад, хоць прыбыў ад’ютант. Але ўсё роўна я зафіксаваў у журнале выдавання зброі. Магчыма, міністр не думаў пра пісьмовае фіксаванне, спадзяваўся на простае выкананне загаду. Я за зброю адказваў, таму не было розніцы, ці прэзідэнт, ці міністр аддае загад: фіксаваў усё».

«Я мяркую, ён думаў пра сябе, пра мундзір, які ён носіць. Таму што расстрэльны пісталет бралі ў яго, у ягоным ведамстве. І тут трэба было рабіць выбар: альбо ты заплюшчваеш на гэта вочы, альбо ты проста называеш рэчы сваймі імёнамі. Ён абраў другое», – распавядае Анатоль Лябедзька.

У 2019-ым годзе, амаль праз дваццаць гадоў пасля гучных знікненняў, былы баец спецыяльнага атраду хуткага рэагавання Юрый Гараўскі ў інтэрвʼю выданню «Дойчэ Вэле» прызнаўся, што асабіста ўдзельнічаў у выкраданні і забойствах былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

«Тэму забойства ні на кога не скінеш. Ну даўно б скінуў на каго заўгодна. Ну няма на каго. Зачапі любую нітачку – яна цягнецца да прэзідэнта. Адсекчы яе немагчыма».

У студзені летась выданне «EUobserver» апублікавала запіс размовы, зробленай у 2012 годзе. На аўдыё, меркавана, зафіксаваны голас тагачаснага кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава, які абмяркоўваў, сярод іншага, магчымасць арганізацыі забойства журналіста Паўла Шарамета і былога начальніка СІЗА на Валадарскага Алега Алкаева.

«Не веру я ў натуральнасць такіх смерцяў ворагаў Лукашэнкі. Не веру з вясны 1999-га, калі ў апошні ягоны вечар у Празе да трох гадзінаў ночы мы з Генадзем Карпенкам хадзілі па горадзе і размаўлялі – а праз некалькі дзён Генадзя, здароўю якога мог пазайздросціць любы алімпіец, не стала. НКВД-КГБ мае вялізны і ўжо стогадовы досвед забойстваў ва ўсіх месцах зямнога шару», – распавядае дэпутат незалежнасці Сяргей Навумчык.

Пахаванне Алега Алкаева адбудзецца ў Берліне. Справы ж зніклых палітыкаў, якімі ён займаўся больш за два дзясяткі гадоў, да сённяшняга дня застаюцца не раскрытыя.

Віталь Бабін, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама