Расея і Украіна рыхтуюцца да абмену палоннымі


Дадому могуць вярнуцца некалькі сотняў жаўнераў. Але гэта толькі кропля ў шматтысячным моры палонных. У якіх умовах трымаюць іх у Расеі і Украіне, і ці ўплываюць на іхны лёс міжнародныя арганізацыі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расея і Украіна рыхтуюцца да абмену палоннымі. Інфармацыяй падзяліўся прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган у інтэрв’ю амерыканскаму каналу PBS.

«Ва Узбекістане я сустрэўся з прэзідэнтам Пуціным, і мы правялі вельмі шырокія дыскусіі […]. Цяпер сітуацыя [у зоне баявых дзеянняў] выглядае праблематычна. Аднак 200 палонных абмяняюць паводле дамовы бакоў. Я думаю, што будзе зроблены значны крок наперад», – паведаміў прэзідэнт Турцыі.

У чэрвені кіраўнік вайсковага ведамства Расеі Сяргей Шайгу заяўляў, што ў Расеі перабываюць 6 з паловаю тысячаў украінскіх палонных. Колькасць палонных расейскіх жаўнераў украінскія ўлады не называлі ад красавіка. Тады іх было 600. Цяпер у палоне прыблізна 6 тысячаў чалавек з кожнага боку – мяркуе кіраўнік грамадскай Двухбаковай кантактавай групы з гуманітарных пытанняў Рыгор Міхноў-Вайценка. Расейскія палонныя ва Украіне могуць пісаць дадому і часам тэлефанаваць. Ад украінскіх даходзяць толькі рэдкія лісты праз Чырвоны Крыж.

«Ніякага зваротнага адрасу на іх не было. Там была толькі самая агульная інфармацыя: «Жывы, здаровы, перадаю прывітанне, спадзяюся, што хутка ўбачымся!» Вось і ўвесь змест гэтых лістоў. Пры гэтым многія родныя звярталі ўвагу, што лісты напісаны выключна на расейскай мове, што пацвярджае, што гэтыя лісты былі напісаны, скажам так, пад кантролем», – распавёў Рыгор Міхноў-Вайценка.

Блізіцца зіма, а перадаць украінскім палонным пасылак з цёплымі рэчамі родныя не могуць – адзначае Рыгор Міхноў-Вайценка. Да родных 2 тысячаў абаронцаў Марыупалю, што здалІся ў палон у траўні, не дайшло ніводнага ліста.

«Калі б яны знаходзіліся хаця б у такіх умовах, як у нас знаходзяцца расейскія – то нам не было б настолькі страшна. А там з іх здзекуюцца, там іх маральна знішчаюць, фізічна знішчаюць!» – падкрэслівае сябра Асацыяцыі сваякоў абаронцаў «Азоўсталі» Сандра Кратэвіч.

Выяўлена ўжо 50 турмаў і фільтрацыйных лагераў, дзе расейскія войскі трымаюць украінскіх палонных – заявіў генпракурор Украіны Андрэй Косцін. Асобную крымінальную справу завялі паводле факту ўтрымання ўкраінскіх палонных у Аленаўцы пад Данецкам. Там, на тэрыторыі закінутай больш як 10 гадоў таму калоніі, утрымліваюць каля 2 тысячаў асобаў. У тым ліку абаронцаў «Азоўсталі». Зняволеных збіваюць, ім не хапае ежы, вады і медычнай дапамогі – паведамляе ААН.

«Мы атрымалі інфармацыю пра жахлівую санітарную сітуацыю ў калоніі ў Аленаўцы. Як паведамляецца, шматлікія ўкраінскія вайскоўцы заразіліся там інфекцыйнымі хваробамі, у тым ліку гепатытам А і сухотамі», – нядаўна паведаміла прадстаўніца маніторынгавай камісіі ААН у правах чалавека ва Украіне Матыльда Богнэр.

У выніку выбуху, што прагрымеў у ноч на 29 ліпеня, паводле расейскіх уладаў, загінулі больш за 50 палонных. Нягледзячы на абяцанні, камісію ААН расейскія ўлады ў калонію не дапусцілі.

«Прычыны забойства “азоўцаў” нам, у прынцыпе, вядомыя. Расея іх проста ненавідзіць. Яна не змагла іх знішчыць у Марыупалі, на “Азоўсталі”. А цяпер яны ў палоне, таму яны іх цынічна забіваюць», – зазначыла Сандра Кратэвіч.

Вядома, што ў марыупальскай камернай філармоніі акупацыйныя ўлады ўсталёўвалі велічэзныя клеткі. «Рыхтуецца трыбунал над байцамі палку “Азоў”», – паведамляў расейскі тэлеканал «Звезда». На фоне ўкраінскага контрнаступу трыбуналу акупанты не правялі. Жалезныя клеткі ўкраінскія вайскоўцы знайшлі і ў нядаўна вызваленым паселішчы Казачая Лопань Харкаўскай вобласці.

«Яны не проста знайшлі склеп, у якім захоўвалася гародніна. Яны адмыслова падрыхтавалі падвал, каб трымаць у палоне нашых жыхароў, прычым мірных», – звяртае ўвагу журналістаў мэр Дэргачоўскага раёну Харкаўскай вобласці Вячаслаў Задоранка.

У выніку контрнаступу ў Харкаўскай вобласці ў палон трапілі сотні расейскіх жаўнераў – заявіў агенцтву «Reuters» прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго, Украіна ўзяла ў палон меней жаўнераў, чымся Расея. Таму Кіеў мае намер актыўна папаўняць фонд для абмену палонных. Дзярждума Расеі тым часам унесла папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Цяпер за добраахвотную здачу ў палон расейскім жаўнерам, хутчэй за ўсё, будзе пагражаць да 10 гадоў турмы.

Аляксандр Папко, «Белсат»