У Расіі выбралі «новую» Думу


Учора ў Расеі завершыліся выбары дэпутатаў у Дзяржаўную Думу восьмага склікання. Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, партыя «Единая Россия» набрала амаль 50 % галасоў. Папярэдне разам з ёй у Думу праходзяць КПРФ, ЛДПР, «Справедливая Россия – Патриоты – За правду» і «Новые люди», пераадолеўшы пяціадсоткавы бар’ер.

«Мяркую, гэта часткова звязана з «Разумным галасаваннем» і часткова з тым, што сапраўды з тых квазіпартыяў, якія палітычнымі партыямі не ёсць, плюс партыя «Новые люди», якая палітычнай партыяй не ёсць, не змагаецца за ўладу… Толькі КПРФ захоўвае асобныя элементы палітычнай партыі», – кажа палітолаг Іван Праабражэнскі.

Новаўвядзеннем на выбарах стала датэрміновае галасаванне, якое афіцыйна ўвялі праз неспрыяльную каронавірусную сітуацыю. Аднак назіральнікі зазначаюць, што расцягнутасць працэсу паспрыяла фальсіфікацыям.

«З 2011 года ў Маскве так не фальсіфікавалі. Гэта і ўкіды на хатнім галасаванні: 54 чалавекі прагаласавалі за 2 гадзіны 40 хвілінаў. Выходзіць у сярэднім адзін чалавек за 3 хвіліны галасаваў удома», – падкрэслівае палітык і актывіст Аляксей Міняйла.

Цэнтрвыбаркам жа ўпэўнены, што парушэнняў у параўнанні з 2016 годам стала значна меней і самі па сабе яны нязначныя.

«Мы сапраўды стварылі максімальна празрыстую сістэму, у якой ніводнае правапарушэнне немагчыма ўтаіць», – зазначыла кіраўніца ЦВК РФ Эла Памфілава.

Шмат што ў расейскіх выбарах нагадвае беларускія. Напрыклад, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:«Зачыстка перад выбарамі была, і ў гэтым падабенства да Беларусі. Але можна сказаць разам з тым, што пакуль што ў Расеі імітацыя электаральнага працэсу танчэйшая. У Беларусі ўсё проста, напрыклад, у беларускай Палаце прадстаўнікоў ніякіх фракцыяў няма, усе так бы мовіць на адзін твар, усе галасуюць, дружна ўздымаюць рукі».

Змяненняў у стасунках з Беларуссю праз «новы» склад Думы, мяркуе Аляксандр Класкоўскі, чакаць не давядзецца. Афіцыйна вынікі расейскіх выбараў падвядуць у пятніцу, 24 верасня.

Марыля Дакуцька, «Белсат»