Каронавірус наступае


«Велізарныя чэргі ў паліклініках, дактароў не стае», – нашыя гледачы працягваюць скардзіцца на перапоўненыя шпіталі і паліклінікі:«Берасцейская абласная больніца перапоўненая цалкам, кіслароду не стае, людзі ляжаць нават у калідорах».«З каронай сутыкнуліся ўсёй сям’ёй. У паліклініцы аўрал, чатыры гадзіны мінімум сядзець трэба».

Урад жа паведамляе пра тое, што ковідныя надбаўкі лекарам адкарэктуюць. Маюць захавацца выплаты толькі для тых медыкаў, што наўпрост удзельнічаюць у ліквідацыі ўздзеяння каронавіруснай хваробы, то бок працуюць у чырвонай зоне, і памер выплатаў будзе залежаць ад колькасці адпрацаванага часу.

Гэта прывядзе да яшчэ большага дэфіцыту кадраў, мяркуе доктар Алег Дарашкевіч, бо самая вялікая праблема беларускай медыцыны ў тым, што шмат медыкаў мусілі выехаць з Беларусі пасля выбараў.

«Многія студэнты медычных ВНУ, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, пакінулі краіну. Так што думаю, што самая галоўная – кадравая праблема, а апаратурнае і фармакалагічнае забеспячэнне ў Беларусі дастаткова добрае», – кажа Алег Дарашкевіч, былы кіраўнік праекту ПВТ па дыягностыцы хранічных захворванняў, які сам пасля выбараў мусіў з’ехаць з Беларусі.

Аб прыходзе ў краіну чацвёртай хвалі ковіду Міністэрства аховы здароўя паведаміла 14-га верасня. Цягам апошніх дзён афіцыйная статыстыка новых выпадкаў інфікавання фіксуе новы рэкорд з пачатку пандэміі. Сёння афіцыйна абвесцілі пра 1941 новы выпадак, пры агульнай колькасці праведзеных тэстаў у паўтара разы меншай, чымся ўчора.

Колькасць памерлых з пачатку пандэміі, паводле афіцыйных звестак – 4016 чалавек. Але сапраўдная статыстыка смяротнасці ад каронавіруснай хваробы невядомая нават медыкам. Напрыклад, калі чалавек памірае не там, дзе прапісаны, то па месцы рэгістрацыі медыкі для справаздачы не могуць даведацца аб прычыне ягонай смерці. Пра гэта распавядаюць нам лекары з рэгіёнаў. Гледачы ж у паведамленнях нашаму тэлеканалу наракаюць на арганізацыю тэставання і лячэння:

«Мне асабіста бальнічны закрылі пасля 7 дзён ізаляцыі, хоць і пацверджаны тэст. Паўторнага не рабілі, сказалі, паводле новага «ўказу» толькі 7 дзён цяпер даюць і тэсту не робяць».

«Аб станоўчым выніку ніяк не паведамілі – прыйшла на прыём, сядзела ў агульнай чарзе. Толькі на прыёме лекарка сказала, што тэст станоўчы…»

«Крыўда вялікая застаецца на тое, што ўжо паўтара года як ковід прыйшоў у нашую краіну. Няхай год як яго не адмаўляюць. Ну чаму не зрабіць штодзённай практыкай узяцце экспрэс-тэстаў у пацыентаў, што паступаюць, каб мінімізаваць рызыкі?»

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у шпіталях павялічылася колькасць пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй, якім патрэбнае кіслароднае падтрыманне. А доктар Алег Дарашкевіч асноўную небяспеку бачыць у тым, што ўвагу каронавірусу надаюць коштам іншых небяспечных хваробаў – сэрцава-судзіннай сістэмы або анкалагічных.

«На мой погляд, потым акажацца, што імкненне падавіць толькі каронавірус будзе аплачанае цяжкім коштам хворых, якія не цярпелі на каронавірусную інфекцыю, з хранічнымі захворваннямі. Вельмі падвышаецца смяротнасць, не звязаная з ковідам», – кажа Алег Дарашкевіч.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, амаль 100 тысяч ложкаў у шпіталях перапрафілявалі пад каронавірусных хворых, гэта амаль траціна агульнага фонду.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»