Хто інвестуе ў беларускую эканоміку ў 2022 годзе?


Замежныя інвестары працягваюць падтрымліваць беларускія прадпрыемствы, заяўляе Міністэрства эканомікі. Толькі за першую палову года краіна прыцягнула 4 мільярды 300 мільёнаў долараў беспасярэдніх інвестыцыяў. Гэта добры вынік, кажа эканаміст Аляксей Харкевіч. Але ёсць нюанс.

«4,3 мільярда – гэта зусім не азначае, што зараз прыйшлі міжнародныя кампаніі і ўклалі ў Беларусь. Хутчэй за ўсё, гэта азначае, што яны па выніках мінулага года атрымалі прыбытак і вырашылі яго не выводзіць з Беларусі, а пакінуць працаваць у гэтым сваім бізнесе», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

Што датычыць сфераў, у якія інвеставалі замежнікі, то тут амаль палова ўкладзенага капіталу прыпала на прамысловасць – 43 адсоткі. Фінансавая і страхавая дзейнасць забрала трынаццаць з паловай адсоткаў актываў, аптовы і раздробны гандаль, рамонт аўтамабіляў – 13 адсоткаў, і 10 засталося на будоўлю.

Як сцвярджае Міністэрства эканомікі, значная доля інвестыцыяў у Беларусь належыць Расеі – звыш трохсот васьмідзесяці пяці мільёнаў долараў. І нібыта замыкаюць тройку Кіпр – 309 мільёнаў 500 тысячаў і Нідэрланды – 242 мільёны долараў беспасярэдніх інвестыцыяў. З усяго вынікае, што ў Беларусь інвестуюць прынамсі дзве краіны Еўразвязу. Што да Кіпру, гэтая краіна неаднаразова блакавала санкцыі Еўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі. Але Нідэрланды? І першая, і другая краіна вядомыя сваймі афшорнымі зонамі, кажа Аляксей Харкевіч. То бок трымаючы бізнес там, можна пазбегчы падвойнага падаткаабкладання.

«У іх нізкая стаўка падатку ў краіне, і як толькі ты заводзіш бізнес у Нідэрландах, ты перастаеш плаціць падаткі ў іншых краінах. І за кошт больш нізкай стаўкі падаткаў у Нідэрландах ты выйграеш. Таму шматлікія буйныя бізнесы, буйныя інвестыцыйныя фонды адкрываюць бізнес менавіта на Кіпры і ў Нідэрландах. Хутчэй за ўсё, гэта расейскі бізнес», – тлумачыць эканаміст.

Калі гэта сапраўды так, буйных еўрапейскіх інвестараў у Беларусі няма.

«Лічыцца ўжо занадта таксічным Лукашэнка для таго, каб пачынаць з ім нейкія размовы. І занадта шмат было зроблена – таго, што еўрапейцы лічаць перакрочваннем чырвоных лініяў. Гэта і самалёт, гэта і міграцыйны крызіс, гэта падтрымка расейскай агрэсіі», – кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.

Выглядае, што ў бліжэйшай будучыні заходнія інвестары ў Беларусь не прыйдуць. І прычына не толькі ў тым, што рэжым Лукашэнкі застаецца пад санкцыямі. А і ў тым, што Лукашэнку «часам не да законаў», а значыць, любы замежны бізнесовец можа страціць у Беларусі ўсё, што сюды ўкладзе.

Надзея Бельская «Белсат»