Вызваленне чальцоў «Прэс-клубу» – перамены ці гандаль?


Восем месяцаў за кратамі правялі фігуранты так званай «справы прэс-клубу». Учора чацвярых з іх выпусцілі са следчага ізалятару. Гэта заснавальніца «Прэс-клубу» Юлія Слуцкая, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмная дырэктарка Ала Шарко і аператар Пётр Слуцкі.

Паводле інфармацыі «Прэс-клубу», фігурантаў справы выпусцілі паводле памілавання.

Але як патлумачыла Юлія Слуцкая ў першым інтэрв’ю на сайце арганізацыі, крымінальную справу можна спыніць, калі падазраваны прызнае віну і сплачвае двухкротны памер нанесенай страты:

«Я вельмі доўга думала над гэтай прапановай і не давала згоды. Але я бачыла, што мы сядзім доўга, і канца гэтаму няма, і што гэта абсалютна марна і бессэнсоўна. Я разумела, што прызнанне віны не патрабуе ад нас нікога абгаворваць, апроч нас саміх. А мы гэта перажывём, бо мы дарослыя і разумныя людзі, якія разумеюць, што адбываецца».

Фігурантаў справы «Прэс-клубу» затрымалі летась 22-га снежня. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. Усіх іх вінавацілі ў нясплаце падаткаў і нібыта недаплачаных амаль 110 тысяч рублёў сваякі затрыманых ужо заплацілі на рахунак Следчага камітэту.

«Магчыма, такім чынам улада схіляе іншых зняволеных пайсці на пагадненне, прызнанне віны, падпісанне нейкіх памілаванняў, хаця самі прэс-клубаўцы такіх прашэнняў аб памілаванні не пісалі. Прынамсі ў тым інтэрв’ю якое выйшла Юліі Слуцкай, яны гавораць што супрацы з офісам Васкрасенскага і падпісання прашэнняў аб памілаванні з іхнага боку не было», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Юрыст Сяргей Зікрацкі адзначае, што вызваленне чатырох палітвязняў можа быць спробай уладаў задаць свае правілы гульні і зменшыць напружанасць у грамадстве.

«Калі мы пачынаем казаць пра канкрэтную асобу і задаваць пытанне, чаму вызвалілі таго, а не іншага – мы пачынаем гуляць па тых правілах якія задае ўлада. Мы не мусім казаць пра асобаў, мы мусім казаць пра тое, што ўсе тыя, хто зараз знаходзіцца за кратамі, усе тыя хто пацярпеў ад палітычнага ціску яны мусяць быць вызваленыя», – перакананы Сяргей Зікрацкі.

Пра неабходнасць не толькі вызвалення, але і рэабілітацыі ўсіх зняволеных па палітычных матывах заявіла і Святлана Ціханоўская, каментуючы сітуацыю з вызваленнем сябраў «прэс-клубу»:

«Пакуль чалавек цалкам не рэабілітаваны – ён у закладніках. У закладніках яго бацькі і дзеці, калегі і сябры, якіх змушаюць маўчаць, шантажуючы ягоным арыштам. Пакуль усе невінаватыя не выйшлі з турмы – гэта гандаль, а не перамены».

Нельга верыць у змену пазіцыі ўладаў яшчэ і таму, што літаральна напярэдадні вызвалення сябраў прэс-клубу ўлады фактычна разграмілі апошнюю незалежную агенцыю ў Беларусі – БелаПАН, нагадвае Барыс Гарэцкі.

«Па-ранейшаму многія калегі застаюцца за кратамі. 28 нашых калегаў – журналістаў, супрацоўнікаў медыя – там, і знішчаныя практычна ўсе незалежныя медыі якія засталіся ў Беларусі», – кажа Барыс Гарэцкі.

За кратамі застаюцца і двое фігурантаў справы «Прэс-клубу» – былыя працаўнікі дзяржаўнага тэлебачання Дзяніс Сакалоўскі і Ксенія Луцкіна.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»