Беларускі бізнес у выгнанні


Найбуйнейшая IT-кампанія «EPAM» з’язджае з чатырох офісаў у Менску. Прычына – большасць працаўнікоў абралі дыстанцыйны фармат працы. А літоўскі бізнесовец Міндаўгас Марцінкявічус плануе прадаць сетку «Mart Inn» і лічыць інвеставанне ў Беларусь памылкай. Як беларускія прадпрымальнікі адкрываюць свой бізнес за мяжой альбо пераводзяць яго з Беларусі, а таксама хто ім у гэтым дапамагае, распавядзе Каця Малей.

Маленькі астравок стылю, спартовых трансляцыяў і выдатнага піва стварылі летась беларусы ў Варшаве.

«Не напаіць людзей, а прывіць ім культуру спажывання піва. Каб гэта было смачнае піва… прыйшоў, выпіў два куфлі: смачна, добра. Пакамунікаваў. Мы хацелі стварыць атмасферу дамашняй утульнасці: дзе размовы, камунікацыя, дзе штосьці цікавае адбываецца, не проста выпіць», – адзначае сузаснавальнік пабу «BEER STATION» Андрэй Альшэўскі.

Андрэй і ягоны калега Аляксандр не закрыліся нават у локдаўн, больш за тое – тыдзень таму адкрылі ў Варшаве другую кропку. Раскруціцца ў Беларусі было значна складаней – адзначае бізнесовец і дадае:

«Тут на момант адкрыцця ўсё было празрыста: у цябе ёсць памяшканне, ты робіш рамонт, запрашаем санэпід, яны глядзяць, калі няма заўвагаў: калі ласка, працуй! У нас жа гэта і санэпід, які цябе правярае не толькі на момант адкрыцця, а ледзь не штомесяц, і пажарнікі…»

Толькі ў Польшчы за год колькасць адзінак бізнесу, заснаваных беларусамі, узрасла на 25 адсоткаў. Падлічыць, колькі прадпрымальнікаў за апошні год выехала за мяжу, складана, бо кожны пакідаў краіну з рознымі тыпамі візаў. Для іх каманда эканамістаў і бізнесоўцаў, якія самі прайшлі праз рэпрэсіі, стварыла ў Варшаве Аб’яднанне беларускага бізнесу за мяжою (Association of Belarusian Business Abroad), ці ABBA.

«Перадусім дапамагчы беларускаму бізнесу, наколькі гэта магчыма, таму што для бізнесу, які выехаў з Беларусі, падтрыманне гэтай групы людзей вельмі слаба прадстаўленае. У доўгатэрміновай перспектыве нам хочацца стварыць свайго кшталту бізнес-дыяспару, пачынаючы ад бліжэйшых да Беларусі дэмакратычных краінаў – Украіна, Літва, Латвія, Польшча, – дзе бізнесоўцы могуць дапамагаць адно аднаму», – кажа ініцыятар ABBA Мікалай Пракоф’еў.

Асацыяцыя не будзе падтрымліваць бізнес у грашовым плане. Гаворка ідзе пра дапамогу ў адкрыцці бізнесу ў іншай краіне, неабходнай адукацыі, кансультацыі, даследаваннях рынку, пошуку фондаў. 27-га і 28-га жніўня Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжою правядзе ў Кіеве форум «Бізнес-Беларусь: Вучыць. Дапамагаць. Абараняць».

«Тут мы вывучаем попыт на такую дапамогу для бізнесу. Наш прагноз – чалавек 60–70. Мы кажам для пачатку пра такую лічбу, бо шмат у каго ёсць недавер…», – разважае Мікалай Пракофʼеў.

Уліцца ў новы рынак, адчуць попыт, сапраўды досыць складана, адзначае Андрэй Альшэўскі. Але, паводле яго, беларусы маюць вялікі патэнцыял:

«Калі беларусы прыйдуць са сваім досведам сюды, мне здаецца, тут яны складуць досыць моцную канкурэнцыю польскаму бізнесу. Яны ўмеюць весці бізнес, яны напорыстыя, яны ведаюць як, яны лепш будуць выглядаць на рынку».

Цяпер казаць пра фінансавы патрыятызм не даводзіцца, кажа Мікалай Пракофʼеў, дый не варта разлічваць, што заснавальнік бізнесу, які квітнее за мяжой, захоча ў будучыні перанесці яго ў Беларусь. Але спадзеў на тое, што беларускі бізнесовец потым інвестуе ў сваю краіну.

Каця Малей, «Белсат»