Арцём Сікорскі: «Выразна даказана, што перахопу не было»


Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі зрабіла выснову, што інфармацыя пра бомбу на борце самалёта Ryanair у траўні 2021 года ідзе выключна ад спецслужбаў Аляксандра Лукашэнкі. Дырэктар дэпартаменту авіяцыі Міністэрства транспарту назваў справаздачу арганізацыі непрымальнай. Арцём Сікорскі заявіў, што дакумент дыскрэдытуе сам міжнародны орган рэгуляцыі ды ўвогуле нагадвае «шпіёнскі раман другога гатунку».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Існаванне пагрозы выбуху ў самалёце, ліст нібыта ад ХАМАС, рэакцыі экіпажу, перамовы з дыспетчарамі, – гэтыя і іншыя варыянты былі агучаныя беларускімі ўладамі ў якасці прычынаў прымусовай пасадкі самалёту Ryanair у траўні 21 году. Аднак усе гэта аказалася хлуснёй.

Віна за захоп самалёта авіякампаніі Ryanair цалкам ляжыць на ўладах Беларусі, бо ніякай пагрозы выбуху не існавала. Такую выснову ў канчатковай справаздачы аб інцыдэнце апублікавала Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі:

«Паколькі ні бомба, ні сведчанні яе існавання не былі выяўленыя ў хадзе агляду, зробленага перад вылетам у Афінах, Грэцыі, а таксама пасля розных ператрусаў паветранага судна, праведзеных у Беларусі ды Літве, лічыцца, што пагроза выбуху была загадзя непраўдзівая».

«Даклад рыхтаваўся цэлы год. Першую прамежкавую версію мы маглі бачыць у лютым. І тая версія не ўтрымлівала самага важнага: сведчання дыспетчара. Напрацягу апошніх 6-ці месяцаў дапытвалі дыспетчара, збіралі дакументы, правяралі факты, якія прадставіў Лукашэнка», – кажа старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

У выніку ІКАО асудзіла ўлады Беларусі за непраўдзівую пагрозу і ўмяшанне ў палёт, дадаўшы, што афіцыйны Менск тым самым парушыў як мінімум дзве міжнародныя дамовы аб грамадзянскай авіяцыі.

«Гэтая канвенцыя забараняе любым краінам або якім-небудзь асобам рабіць тое, што пагражае бяспецы грамадзянскай авіяцыі: ад бомбаў да нейкіх дзеянняў на борце. Любое, што вядзе да таго, што самалёт аказваецца пад пагрозай, забаронена. І адпаведна, любая дзяржава абавязана расследаваць такія падзеі і прыцягваць да адказнасці», – мяркуе адмысловец у авіяцыйным міжнародным праве Андрэй Гук.

Беларускі рэжым сваю віну адмаўляе.

«Выразна даказана, што перахопу не было. Мы спадзяемся, што пасля таго, як гэты дакумент будзе пададзены ў ААН, там усё ж такі знойдуцца моцныя, кампетэнтныя спецыялісты, без палітычнай кан’ектуры, якія змогуць дакладна, адназначна змогуць разабрацца ў гэтым пытанні», – заявіў у інтэрвʼю дзярканалам дырэктар дэпартаменту па авіяцыі Арцём Сікорскі.

Са словаў эксперта, выпадак з Беларуссю – адзін з нешматлікіх у гісторыі, калі дзяржава наўмысна нанесла пагрозу грамадзянскаму самалёту, і гэта будзе разглядацца на ўзроўні ІКАО. Аднак чакаць новых маштабных санкцыяў у дачыненні беларускага рэжыму, на думку эксперта, не варта.

«Усё дрэннае, што магло адбыцца з грамадзянскай авіяцыяй у РБ у сувязі з гэтым яно па факце ўжо адбылося. Краіна ізаляваная ад авіяцыйных зносін акрамя некаторых дружалюбных для Беларусі краін», – кажа Андрэй Гук.

Праз некалькі гадзін пасля прымусовай пасадкі лайнер усе ж такі адпусцілі. Але на борце не далічыліся пяці пасажыраў, сярод іх – беларускі актывіст Раман Пратасевіч, ягоная дзяўчына Софʼя Сапега. Іх затрымалі. Софʼю Сапегу асудзілі паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу і прыгаварылі да шасці гадоў калоніі, а Рамана Пратасевіча перавялі пад хатні арышт пасля некалькіх інтэрвʼю на тэлебачанні. Меркавана, прымусовых.

«Я больш не хачу ні ў палітыку лезці, ні ў гэтыя брудныя гульні, разборкі. Не ведаю. Я проста хачу спадзявацца, што я змагу ўсе выправіць і жыць спакойным жыццём», – распавядаў Раман Пратасевіч у інтэрвʼю праўладным тэлеканалам.

У выніку інцыдэнту з Ryanair Беларусь панесла вялікія эканамічныя страты. Так, былі замарожаныя тры мільярды еўраў фінансавай дапамогі Беларусі ад Еўразвязу. ЗША аднавілі санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх – «Нафтан», «Белнафтахім», «Белшына», гарадзенскі «Азот» ды інш. А «Беларуськалій», напрыклад, дагэтуль не змог аднавіць транзіту ўгнаенняў у Літву. Пасля публікацыі справаздачы Беларусь чакаюць новыя санкцыі, кажа эксперт.

«Генеральная асамблея ICAO, якая збярэцца ўвосень і будзе абмяркоўваць гэтую справу, можа ўвесці санкцыі ў дачыненні да беларускай дэлегацыі, можа пазбавіць голасу, можа дайсці да выключэння, калі большасць сяброў за гэта прагаласуюць. Могуць быць іншыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі і грамадзянскай авіяцыі», – лічыць Франак Вячорка.

Акрамя таго, паводле эксперта, могуць быць рэкамендаваныя санкцыі тымі краінам, якія пацярпелі. Таксама Польшча як краіна – уладальніца самалёта можа падаць у суд ААН за парушэнне міжнародных канвенцыяў.

В ICAO заявілі, што тыя высновы, да якіх прыйшлі следчыя ў справаздачы, будуць пераданыя генеральнаму сакратару ААН Антонью Гутэрышу для далейшага разгляду і і прыняцця адпаведных мераў.

Наста Печанькова, «Белсат»