Татальнае запужванне


Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва перавялі з турэмнай больніцы назад у СІЗА КДБ. Тэст на выяўленне анкалагічных маркераў у крыві Кастусёва паказаў вынік у два разы вышэйшы за норму. Рыгор Кастусёў праз адваката падаваў хадайніцтва аб змяненні меры стрымання, але следства нават у такой крытычнай сітуацыі не пайшло на саступкі вязню.

«Раней я не заўважаў, каб Рыгор Андрэевіч так скардзіўся на стан здароўя. Цалкам ліст быў прысвечаны таму, што вельмі дрэнна са здароўем і што прыйшлі аналізы, у якіх было падазрэнне на анкалогію. Я думаю, што там сур’ёзна ўсё», – распавёў зяць Рыгора Кастусёва Дзмітрый Антончык.

Раней Рыгор Кастусёў ужо звяртаўся да медыкаў з пухлІнай. Тады хваробу ўдалося спыніць. Ва ўмовах СІЗА КДБ хвароба пачала прагрэсаваць. 2 ліпеня палітыка экстранна даставілі ў бальнічную камеру СІЗА, у яго былі праблемы з сэрцам, ціскам, задышкай і ацёкамі канцавінаў. Рыгор Кастусёў у няволі з 12 красавіка як адзін з фігурантаў справы аб замаху на Аляксандра Лукашэнку.

«Пісаў, што ён не разумее, чаму яго трымаюць, бо ўжо некалькі месяцаў не праводзяцца ніякія следчыя дзеянні, то бок ён проста сядзіць у рэжыме чакання, і колькі яшчэ яго так пратрымаюць…» – кажа Дзмітрый Антончык.

Цяпер жа побыт вязняў за кратамі ўскладніцца і новаўвядзеннямі ў Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Згодна з ім асуджаныя змогуць атрымліваць грашовыя пераводы толькі ад сям’і. Раней адправіць грошы ў калонію маглі ўсе ахвочыя.

«Перадачы, бандэролі маглі дасылаць толькі блізкія родныя, і вельмі шкада, што зараз гэта стала распаўсюджвацца на грашовыя пераводы, то бок у людзей, у якіх няма блізкіх родных зусім ці ў Беларусі, пазбаўляюцца гэтай падтрымкі. І мне падаецца, што гэта захада перш за ўсё для палітычных зняволеных, якіх ужо вялікая колькасць. І гэта яшчэ адзін варыянт, як пазбавіць людзей магчымасці дапамагаць і валантэрыць, аказаць хоць нейкую падтрымку», – тлумачыць праваабаронца «Human constanta» Настасся Лойка.

Тых, хто яшчэ застаецца на волі, працягваюць запужваць паказальнымі ператрусамі і затрыманнямі. Пяцёра невядомых мужчынаў у цывільным правялі ператрус па месцы прапіскі старшыні руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча. Суд аб прыпыненні дзейнасці руху прызначылі на 23-га ліпеня.З аналагічным ціскам сутыкнулася і грамадская арганізацыя «Звяно». Яе заснавальніца Таццяна Гацура-Яворская паспрабавала абскардзіць пісьмовае папярэджанне Міністэрства юстыцыі ў Менскім гарадскім судзе, але суд стаў на бок дзяржавы.

«Мы хацелі, каб прызналі гэтае пісьмовае папярэджанне, адмянілі яго праз суд, суд нам у гэтым адмовіў. Там было 4 пункты прэтэнзіяў Мінюсту ў гэтым пісьмовым папярэджанні», – пасля суду распавяла Таццяна Гацура-Яворская.

Тры з чатырох прэтэнзіяў міністэрства Менскі гарадскі суд прызнаў слушнымі. Галоўныя спрэчкі паўсталі вакол пытання, ці адпавядае статуту дзейнасць «Звяна», звязаная з маніторынгам працы сістэмы аховы здароўя падчас пандэміі ковіду. Папярэджанне Мінюсту можа быць падставай для ліквідацыі арганізацыі.

«Мы лічым гэта элементам ціску, бо тое, што мы робім, – маніторынг працы сістэмы аховы здароўя – было вядома Мінюсту больш за год як, 20 траўня 2020 года мы падавалі ў Мінюст дакументы пра змену юрадрасу, і там спецыяліст аддзелу казаў нам, што нам лепш не рабіць гэтага маніторынгу», – узгадала Таццяна Гацура-Яворская.

Правяранні і папярэджанні Мінюсту зазналі з дзясятак грамадскім арганізацыяў. Сярод іх – Беларуская асацыяцыя журналістаў. Рахункі абʼяднання сёння заблакавалі паводле пастановы Следчага камітэту.

Зачыстка адбылася сёння гэтаксама ў доме па адрасе Дзяржынскага 119, вядомым пратэставай актыўнасцю сваіх жыхароў. Сілавікі выключылі ў шматпавярховіку камеры і пайшлі па кватэрах з ператрусамі. У жыхароў шукалі нацыянальную і пратэставую сімволіку, праглядалі тэлефоны.

«Мэта ўладаў – максімальна прыглушыць хоць якое іншадумства, і паколькі мы разумеем, што гэта вялізная колькасць людзей і любыя людзі, якія пакінулі хоць якія сляды (там у выглядзе падсветкі акон ці проста паперкі на вокнах, ці там любая сімволіка, любыя каментары, па якіх можна людзей апазнаць), гэта будзе падставай для дадатковай увагі, для вобшукаў, для затрыманняў, і я думаю, што на гэта накіраваныя зараз усе сілы гэтых органаў», – тлумачыць праваабаронца Настасся Лойка.

На думку праваабаронцы, запужванне пры дапамозе ператрусаў і затрыманняў не скончыцца да моманту, пакуль будзе існаваць хоць якая альтэрнатыўная думка ў Беларусі.

Ірына Карніенка, «Белсат»