Працяг міграцыйнага крызісу


На нарадзе з амбасадарамі Лукашэнка выказаўся і пра крызіс з мігрантамі на беларуска-літоўскай мяжы. Рост мігрантаў, паводле яго, справакаваны палітыкай шэрагу краін Еўразвязу. Узмацняць жа ахову на мяжы Беларусь не будзе, пакуль дзеяць еўрапейскія санкцыі. Між тым афіцыйная Вільня папярэдзіла беларускі рэжым пра новыя санкцыі ў выпадку працягу шантажаванняў Лукашэнкі.

Раней на ахову мяжы Беларусь атрымлівала частку грошай ад Еўразвязу. Цяпер гэтага фінансавання рэжыму Лукашэнкі не вылучаюць, а ўзмацняць кантроль за свае сродкі Беларусь не будзе. На гэтыя ды папярэднія заявы адносна міграцыйнага крызісу адрэагавалі ў Літве.

Літоўскае МЗС назвала прапанову «дапамогі» за грошы і заявы пра злачынныя групоўкі на тэрыторыі Літвы шантажом ды паабяцала, што ініцыюе новыя санкцыі ў дачыненні афіцыйнага Мінску.

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс праз сацыяльныя сеткі звярнуўся да іншаземных грамадзянаў, якія плануюць нелегальна трапіць у Еўразвяз праз Беларусь:

«Вам кажуць, што тут вы зможаце працаваць і жыць, а яны забяспечаць, каб вы перасеклі мяжу. Праз некалькі дзён падманшчыкі, якія цесна працуюць са злачынцамі і беларускім дыктатарам Лукашэнкам, прывязуць вас ноччу да мяжы з Еўразвязам, пакінуць у лесе і скажуць: ідзіце туды, там ніхто не ахоўвае, там Еўропа. Тут вас затрымае памежная ахова, размесціць у намётавым мястэчку. Паколькі вы сталі саўдзельнікамі злачынства, на жаль, ніхто з вас не атрымае статусу палітычнага ўцекача. І вы вернецеся дадому, толькі без грошай, якія заплацілі».

Еўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы «Frontex» выказала салідарнасць з афіцыйнаю Вільняй у ацэнцы ролі рэжыму Лукашэнкі ў правакаванні памежнага крызісу.

Па словах выканаўчага дырэктара агенцтва памежнай і берагавой аховы «Frontex» Фабрыса Лежэры, міграцыйны крызіс быў створаны і падсілкоўваецца палітычнымі спробамі выкарыстоўваць незаконную міграцыю ў якасці рычага ўздзеяння ці рэакцыі на санкцыі, прынятыя Еўразвязам у адносінах да Беларусі.

Агенцтва прапануе Літве вопыт у развіцці магчымасцяў для вяртання мігрантаў на радзіму. Учора «Frontex» выказала гатовасць павялічыць сваю прысутнасць на мяжы з Літвою да 60 працаўнікоў памежнага патруля, 30 транспартных сродкаў і двух верталётаў.За мінулыя содні літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы яшчэ сорак аднаго чалавека. Усяго з пачатку 2021 года – 2158 асобаў. Гэта ў 26 разоў больш, чымся за ўвесь 2020 год.

«Белсат»