Літва змагаецца з беларускай кантрабандай цыгарэт


Кантрабанда цыгарэт з Беларусі наносіць значныя страты Літве. Нягледзячы на ўведзеныя санкцыі супраць беларускіх вытворцаў, аб’ёмы нелегальнага тытуню значна павялічыліся. Сёння прадстаўнікі літоўскіх МУС і мытні абмеркавалі, як спыніць беларускую кантрабанду, грошы ад якой ідуць на ўтрыманне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

9-га чэрвеня ў вагонах з Беларусі літоўскія мытнікі знаходзяць схованку – 56 тысяч пачкаў цыгарэтаў на 213 тысяч еўраў. 17-га чэрвеня сярод 20-ці тонаў афіцыйнага тавару – штучнага каменю – яшчэ 45 тысячаў пачак на 160 тысяч еўраў. У траўні літоўцы перахапілі нелегальнага тытуню амаль на паўтара мільёна еўраў. Афіцыйная Вільня бʼе ў званы: абʼём кантрабанды расце.

«98 адсоткаў кантрабанды цыгарэтаў прыходзіць да нас з Беларусі, недалёка адсюль, з фабрыкі “Нёман”. Гэтая кантрабанда выкарыстоўваецца для фінансавання рэжыму Лукашэнкі. І таму барацьбе з кантрабандаю надаецца павышаная ўвага», – адзначыў Рустамас Любаевас, кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Летась літоўскія мытнікі затрымалі амаль два з паловаю мільёны пачак папяросаў, сёлета за 5 месяцаў – ужо больш за два мільёны. І гэта толькі выкрытая кантрабанда.

У Беларусі адразу тры тытунёвыя фабрыкі: «Нёман», «Тытунь-Інвест» Паўла Тапузідыса ды «Інтэр-Табака» Аляксея Алексіна, якога называюць гаманцом Лукашэнкі. Эксперты ацэньваюць штогадовую вытворчасць на 34 мільярды цыгарэтаў, менш за палову спажываецца ў краіне. Рэшта ідзе на экспарт.

Аляксей Алексін. Скрыншот з відэа president.gov.by

«Частка гэтых цыгарэтаў ідзе на экспарт легальна – фабрыкі легальна пастаўляюць цыгарэты на экспарт, але асноўная маса цыгарэтаў рознымі шляхамі трапляе ў краіны ЕЗ альбо Расею нелегальна. І гэтыя аб’ёмы даволі вялікія», – адзначыў журналіст-расследавальнік Алесь Ярашэвіч.

Ацаніць маштабы кантрабанды складана. З 2016-га года дзяржава хавае статыстыку пра вытворчасць і продаж тытуню. Раней афіцыйны экспарт цыгарэтаў штогод прыносіў у дзяржаўны бюджэт 200–300 мільёнаў долараў. Колькі рэжым зарабляе на нелегальным бізнесе, невядома. У 2020-ым медыягрупа «Расейскі тытунь» апублікавала даследаванне з красамоўнаю назваю «Беларуская кантрабанда – бізнес у дзяржаўных маштабах?». Эксперты адзначалі, што толькі дзяржава і набліжаныя да яе бізнесоўцы могуць гандляваць тытунём у буйных памерах.

Гарадзенская фабрыка «Нёман» ды «Інтэр-Табака» – пад заходнімі санкцыямі. Афіцыйна гандляваць з Еўразвязам яны не могуць. Выйсце – павялічыць кантрабанду, перакананы Алесь Ярашэвіч:

«Ім няма куды збываць гэтую прадукцыю? Яны спрабуюць рознымі шляхамі круціцца, зарабіць хоць неяк, і адзін са спосабаў зарабіць – гэта ў тым ліку на кантрабандзе цыгарэтаў».

Кантрабанда наносіць вялікія страты бюджэту Літвы. Аднак рост выкрытага нелегальнага тытуню сведчыць і пра больш эфектыўную працу літоўскіх памежнікаў ды мытнікаў.

«Мы сёння маем больш значныя магутнасці каля нашай мяжы, большую колькасць работнікаў. Другая рэч – фізічны бар’ер. Ёсць мэта пабудаваць гэты бар’ер да 1-га верасня. І сістэму назірання, вельмі важную сістэму прыстасавання, якая дазваляе працаўнікам хутка зрэагаваць і кіраваць сітуацыяй. Сістэмы назірання павінны быць укаранёныя да канца года на ўсім адцінку мяжы з Беларуссю», – падкрэсліла міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Пакуль жа Вільня пастанавіла стварыць адмысловае падраздзяленне пры службе аховы дзяржаўнай мяжы. Яно будзе каардынаваць захады ў барацьбе з кантрабандай, а таксама выкрываць карупцыю сярод мытнікаў і памежнікаў.

Антон Каменскі, «Белсат»